Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЭРЭНЦЫЯ АБСЭ Ў СПРАВЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ВАРШАВЕ


Натальля Судлянкова, Прага

Парадак дня сустрэчы экспэртаў АБСЭ нагадвае пералік праблемаў з правамі чалавека, якія існуюць у розных краінах Эўропы. Адным з галоўных старшыня АБСЭ , міністар замежных справаў Галяндыі Яан дэ Хор Шэфэр лічыць гандаль жанчынамі і дзецьмі. Паводле зьвестак Злучаных Штатаў ад 700 тысячаў да 4 мільёнаў жанчынаў штогод становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі. Большасьць з гэтых жанчынаў паходзіць з Цэнтральнай Азіі, Малдовы, Альбаніі, Румыніі і Баўгарыі.

Таксама будуць разглядацца і палітычныя праблемы ў Туркмэністане, Кіргістане ды іншых краінах Цэнтральнай Азіі, а таксама палітычныя падзеі ў Беларусі і Малдове.

Арганізатарам сустрэчы зьяўляецца Камітэт у справах дэмакратычных арганізацыяў і правоў чалавека АБСЭ. Ягоная прэсавая сакратарка Урдур Гунарсдотыр паведаміла нашаму радыё:

(Гунарсдотыр: ) “На агульных паседжаньнях будуць абмяркоўвацца агульныя пытаньні – Цэнтральная Азія, а таксама безумоўна Беларусь і Чачэнія. Дадаткова сытуацыя ў Чачэніі і Беларусі будзе разглядацца асобна. Гэтак жа, як і сытуацыя ў Цэнтральнай Азіі”.

Большасьць з 55 дэлегацыяў будуць абмяркоўваць спэцыфічныя праблемы з правамі чалавека ў некаторых з краінаў-сябраў АБСЭ. Але адным з асноўных будзе справаздача Міжнароднай Гэльсынскай Фэдэрацыі, у якой адзначаюцца парушэньні правоў чалавека ў кожнай з 55 краінаў, у тым ліку, і ў заходніх дзяржавах.

Міжнародная Гэльсынская Фэдэрацыя ў сваёй справаздачы востра скрытыкавала Беларусь за “скаардынаваную кампанію супраць грамадзкай супольнасьці”. Аўтары дакумэнту зьвяртаюць увагу на тое, што апошнімі гадамі беларускія ўлады пашырылі арсэнал заканадаўчых актаў, якія рэгулююць грамадзкую супольнасьць.

Міжнародная Гэльсынская Фэдэрацыя таксама крытыкуе беларускія ўлады за закрыцьцё шэрагу недзяржаўных арганізацыяў. Нагадаем, што і сама АБСЭ крытычна ставіцца да сытуацыі на Беларусі. Мяркуецца, што ў канфэрэнцыі будуць браць удзел 12 чалавек зь Беларусі, у тым ліку чацьвёра – ад афіцыйнага Менску.

Напрыканцы сустрэчы будуць распрацаваныя рэкамэндацыі кіраўніцтву АБСЭ, як палепшыць сёньняшнюю сытуацыю. Удзельнікі форуму зьбіраюцца заклікаць АБСЭ і ўрады краінаў – сябраў арганізацыі прадпрыняць канкрэтныя крокі супраць тых урадаў і асобаў, якія парушаюць правы чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG