Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА. ТАЯМНІЦА ТВОРЧАСЬЦІ (ЧАСТКА ПЕРШАЯ)


Сяргей Дубавец, Вільня

Беларуская паэтка Натальля Арсеньнева пражыла амаль сто гадоў, але гэта ня значыць, што мы ведаем пра яе больш, чым пра іншых клясыкаў, чый лёс выдаўся непараўнальна карацейшым. Найбольшай загадкай застаецца, натуральна, таямніца таленту і ягонага паходжаньня. Сапраўды ж дзіўна, калі ў расейскай сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі Аляксея Арсеньнева прыходзіць на сьвет дзяўчынка, якая стане аўтаркай беларускага гімну “Магутны Божа”. Як мудрагеліста мусяць скласьціся абставіны жыцьця, рысы характару і зоркі ў небе, каб атрымаўся такі вынік...

(Арсеньнева: ) “Мне часта прыходзіць на думку: ці чалавек ужо родзіцца паэтам, музыкам, мастаком, ці ён родзіцца проста здольным, і абставіны ўжо вырашаюць потым, на працягу часоў, кім ён станецца? Я думаю, што хутчэй гэта апошняе.”

Праз усё сваё жыцьцё Натальля Арсеньнева пранесла рацыянальны погляд на прыроду творчасьці, хоць якраз у вершах яе поўна паўдотыкаў, водсьветаў і ледзьве не містычных вобразных суплётаў. Кажуць, што ў сапраўднай паэзіі ня можа быць плягіяту, бо кожнаму чалавеку дадзена пачуць толькі свой уласны голас. Калі не пачуў – гэтага голасу ўжо больш не пачуе ніхто і ніколі.

Кажуць, што Натальля Арсеньнева мае адну лінію роду з расейскім паэтам Лермантавым, а яшчэ яна ў адзін час хадзіла па яраслаўскіх вуліцах з Максімам Багдановічам. Гэта сама яе паэзія правакуе пошук містычных повязяў – столькі ў ёй, паводле яшчэ аднаго расейца – Брусава – “нерассудочного”. Калі Багдановіч дзясяткі разоў перапісваў адзін той самы верш, дык Арсеньнева малявала акварэльнымі фарбамі, мала правячы тое, што атрымлівалася.

Са згаданых мною прозьвішчаў зусім лягічна складаецца пэўны расейскі кантэкст. Нашы кніжныя паэты, Багдановіч і Арсеньнева былі нібы водгукам беларушчыны на срэбны век расейскае паэзіі. Прынамсі сама Арсеньнева кажа, што не любіла Бальмонта і Ахматавай, затое надта падабаўся ёй Гумілёў і менавіта пад яго імкнулася яна ствараць свае першыя паэтычныя спробы.

(Арсеньнева: ) “Я, напрыклад, насамперш пачала маляваць. Ад найменшых год мяне цікавіла ўсё навокал, асабліва колеры. Яшчэ зусім малым дзіцём я гадзінамі магла глядзець на вячорнае неба, сачыць у ім зьмену адценьняў... Як толькі я навучылася трымаць алавік у руках, – мне захацелася перадаваць гэта ўсё на паперы. Не было паперы – і я пэцкала вокладкі кніжак, драпала кійком гладкія сьцежкі нашага саду, за што мне часта даставалася... Памятаю, будучы ў 5-й клясе гімназіі, я намалявала вуглём партрэты ўсіх маіх сябровак, як казалі, вельмі падобныя. Мне вельмі хацелася маляваць... І гэтак было праз усё дзяцінства, год да 14-цёх. (Я доўга была дзіцём, маючы 14 год, я яшчэ з усёй уцехаю гуляла ў лялькі.)... Аб вершах я тады й ня думала. Гэта прыйшло пазьней”.

Я думаю, калі б Натальля Арсеньнева стала мастачкай, ці зьбяднела б беларуская літаратура? І чаго б у ёй тады не аказалася? Не аказалася б такога знакавага твору як “Магутны Божа”. Не было б таго непаўторнага акварэльнага вобразу Вільні. Трэцяе – яна сама, вобраз творцы, якога ў беларускай літаратуры параўнаць няма з кім. Астатняе, сэнсавае і разумовае, магло б сяк-так кампэнсавацца іншымі паэтамі.

(Арсеньнева: ) “ “Я мела нейкую дзіўную натуру ад самага маленства. Я ня ўмела быць шчырай, ня ўмела дзяліцца ні з кім сваймі перажываньнямі. Я цешылася, я цярпела, я хацела таго ці іншага, я зайздросьціла сёстрам, сяброўкам, я вельмі кахала маці, некаторых настаўнікаў, але ўсё гэта паціху, у сабе. Ніхто ніколі ня ведаў маіх думкаў. Я ніколі не спавядалася маці з сваіх дзіцячых перажываньняў, хоць мае сёстры, асабліва малы брат, расказвалі ёй усё чыста. Дык вось, хаваючыся ад усіх, я пачала прабаваць пісаць”.

У прынцыпе сваім поглядам на жыцьцё Арсеньнева вылучалася і вылучаецца з шэрагу іншых беларускіх паэтаў. Самы лёс беларускага паэта мусіў быць драматычны, што ішло ад варожасьці асяродзьдзя і патрэбы выстойваць душой, і такое было наканаваньне ад самых народзінаў дзе-небудзь у вясковай хаце, адкуль у шырокі сьвет выбрацца было амаль немагчыма. Адсюль у цярпеньні сваім кожны беларускі паэт мерыўся да тогі прарока. Арсеньнева, наадварот, з шырокага сьвету прыйшла ў сьвет беларушчыны, несучы зусім адметны погляд на рэчы. Яе жыцьцё ня хочацца назваць трагічным, а лёс цяжкім, хоць ён такім і сапраўды быў. Але тое, што ў дачыненьні да яе калегаў просіцца на першае месца, у Арсеньневай хаваецца за саму формулу доўгага і багатага на падзеі жыцьця. Няма шкадаваньня ні пра што...

(Арсеньнева: ) “Я сталася паэткай. Аб гэтым хутка даведаліся і ў клясе, і ў гімназіі. Здавалася, засталося толькі цешыцца славаю. Але справа абярнулася зусім па-іншаму. Я пісала, але ўсё здавалася мне благім, нявартасным, хоць іншыя й хвалілі. Пахвалы цешылі, але было й сорамна, бо здавалася, што хваляць няшчыра. Гэтак са мной і дагэтуль. Мне ніколі не падабаецца тое, што я напісала, бо гэта толькі як бы частка, як бы цень таго, што я хацела напісаць”.

І адбылося гэта ў Яраслаўлі. Напэўна, звычайная для тагачаснае Расеі сытуацыя. Але ж Натальля Арсеньнева ніколі ня будзе паэткай расейскай ці нават дзьвюхмоўнай. Каб зразумець, як складаліся абставіны, трэба крыху прасачыць яе лёс ад самага пачатку. Прынамсі, ясна, што імпульс да беларушчыны паходзіў не зь сям’і.

(Арсеньнева: ) “Дык вось, нарадзілася я ў месьце Баку на Каўказе, на Касьпійскім моры, дзе бацька мой быў тады начальнікам Бакінскай Мытняй Акругі. Але калі мне не было яшчэ й двух год, бацьку майго перавялі на захад, спачатку на Валынь, а тады ў Вільню. Вільню я й лічу сваёй сапраўднай Бацькаўшчынай, бо толькі тут я пачала памятаць сябе, пачала жыць сьвядомым жыцьцём, тут я вырасла, вучылася, пазнала добрае й благое, і гора, і радасьць. Вільню я люблю, і па ёй толькі сумую”.

Вільня глыбака запала ў душу дзяўчынкі, але й тут яшчэ няма знаёмства зь беларушчынай. Арсеньнева вучыцца ў расейскай гімназіі, пачынаецца першая сусьветная, сям’я эвакуюецца ў той самы згаданы намі Яраслаўль. Вяртаючыся зь бежанства, сям’я Арсеньневых на нейкі час апынулася ў вёсцы пад Дрысаю. Тут усё і пачалося.

(Арсеньнева: ) “Сёньня, з пэрспэктывы часу, я бачу, што месяцы, пражытыя пад Дрысаю на вёсцы, літаральна ў голадзе й холадзе, выйшлі мне на вялікую карысьць. Справа ў тым, што тут я ўпершыню сутыкнулася, і то зусім беспасярэдне, зь беларускаю вёскаю і найчысьцейшай беларускаю моваю. Мы жылі ў невялікай сялянскай хаце разам з гаспадарамі, лянівым Юркам і ягонаю спрытнаю, злоснаю, але вельмі працавітаю жонкаю. Тут я пачула ўпершыню і беларускія песьні, і беларускія казкі. Я вельмі ўсім гэтым зацікавілася, і вёска, і песьні, і людзі, і мова падабаліся мне незвычайна”.

Такім чынам паэтка ўжо запазналася зь беларускай мовай. Але наўрад ці гэтага было дастаткова, каб дачка расейскага ўрадоўца пайшла ў беларускую гімназію. Спатрэбілася яшчэ адна выпадковасьць.

(Арсеньнева: ) “Мы трапілі на кватэру да людзей, што прымалі ўдзел у жыцьці беларускага грамадзтва. Дачка іхная вучылася ў 8-й клясе 1-ае Віленскае Беларускае Гімназіі. Як толькі мы крыху паздаравелі, а маці перажыла першае гора па сьмерці мае сястры, яна пачала старацца неяк наладзіць нашае жыцьцё. Быцька быў ужо стары й хворы і ня мог шмат памагчы ёй у гэтым. Праз нашых гаспадароў маме ўдалося ўладзіцца працаваць на амэрыканскую дапамаговую кухню ў беларускай гімназіі. Гэта былі вельмі галодныя пасьляваенныя часы, і кухні такія былі адчыненыя пры ўсіх школах, каб дакармліваць дзяцей і моладзь. Працуючы там, мама пазнаёмілася і пасябравала шмат із кім з настаўнікаў, і ў выніку гэтага пад вясну 1920 году мы ўсе трое былі прынятыя ў гімназію. Як я цешылася, што хоць у голадзе й холадзе, але я магла ізноў вучыцца!”

Наагул, гэта ня так ужо й дзіўна для тых часоў, што расейскія дзеці пайшлі ў беларускую гімназію. Вось што кажа знаўца даўнейшага віленскага жыцьця спадарыня Галіна Войцік:

(Войцік: ) “У той час, калі яна была ў гімназіі, 1920-21, вучні на 90% былі небеларусы. Былі жыды і расейцы. Але вось, напрыклад, Мар’ян Пецюкевіч успамінае, што гэтыя небеларусы, віленскія, як ён кажа, мяшчане, яны хутчэй авалодвалі беларускай літаратурнай мовай, чым хлопцы і дзяўчаты зь беларускай вёскі. Тым перашкаджаў дыялект. І толькі ўжо ў 1923-24 гады большасьць стала – беларусы”.

Дарэчы, і з трох дзяцей Арсеньневых беларускай выйшла толькі адна Натальля. Вядома, што яе брат Сяргей быў пасьля віцэ-старшынём гуртка студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры расейскае нацыянальнасьці. Словам, сям’я так і заставалася расейскай. А Натальля Арсеньнева пайшла сваім шляхам, узяўшы шлюб зь беларускім патрыётам Францішкам Кушалем. Праўда, будзе гэта крыху пазьней. Яшчэ перад тым яна станецца беларускай паэткай. І пабуджальным матывам гэтага будзе любоў.

(Арсеньнева: ) “На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!). Ці дзіва, што гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнаньня і апанаваньня беларускай мовы? Я доўга не адважылася гаварыць аб тым, што і я пішу, Гарэцкаму. Зрэшты, якая з гэтага была б карысьць? Гарэцкі... і расейскія вершы! І я маўчала і вучылася, і чытала”...

***

Наступны лёс Натальлі Арсеньневай варты прыгодніцкага сэрыялу. То яна апынаецца на польскім Памор’і ў асяродку польскага афіцэрства, бавячы час за брыджам і танцамі, то раптам працуе ў савецкіх газэтах у Вялейцы ды Беластоку, то ў глухой казахстанскай вёсцы, дзе няма вады, то ў акупаваным немцамі Менску піша опэрныя лібрэта, то ў лягеры для перамешчаных асобаў наракае на адсутнасьць ранішняе кавы...

Вакол руіны гарадоў, вакол ірвуцца бомбы, вакол забітыя і параненыя, вакол кроў і агонь, голад і беспрасьветнае гора людзей. Але згадвае яна і добрае, і благое – як падзеі свайго жыцьця. Зьдзіўляецца, што дзівам уратавалася ад партызанскага тэракту, або што хапіла сілаў выбрацца з забалочанае ракі... Пасьля таго віленскага юнацтва найлепшай парою свайго жыцьця называе працу ў менскай “Беларускай газэце” падчас акупацыі і ўдзел у дзейнасьці тагачаснага Менскага тэатру. Яна так і засталася ўражаная ўсеагульным уздымам і энтузіязмам тагачаснай беларускай інтэлігенцыі. Хоць чытаць такія ўспаміны таму, хто вырас на савецкіх кніжках, нязвыкла.

Аднак найбольш зьдзіўляе той самы рацыянальны погляд, калі надлом і надрыў, што безумоўна наведвалі яе чалавечую натуру, ніколі гэтую натуру не фармавалі. Яшчэ задоўга да вайны яна, відаць, зразумела, што ў жыцьці можа быць усё. Абсалютна ўсё, што заўгодна. І ўсё, што застаецца чалавеку – гэта ратаваць сябе і іншых, працаваць, а калі ўдаецца – ствараць.

Гэтак з акварэльнае паэткі пакручасты лёс вырабіў чыстую экзыстэнцыялістку, не скаваную ані маральнымі згрызотамі, бо ня дала сабе для гэтага падставаў, ані ўласным горам, калі ў акупаваным Менску загінуў яе сын, а яна, быццам у адказ на гэта, піша лібрэта найлепшае арыі да опэры Шчаглова “Ўсяслаў Чарадзей”, ані нават сваім беларускім патрыятызмам, што часьцяком здараецца ў замкнёнай нацыянальнай меншасьці, але і для гэтага ў Арсеньневай падставаў не было. Замест усяго гэтага засталося праз усё жыцьцё жаданьне пісаць, апісваць прыгажосьць. Гэта яшчэ з тых віленскіх вершаў, што былі пакліканыя да жыцьця любоўю і таямніца якіх – у пісаньні віленскае прыроды.

Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе i лашчыць вясеньняе сонца.
Сiнiя далi ў iмгле негустой,
Лес прад вачмi вырастае сьцяной...

Звоняць у Вiльнi ледзь чутна i гукi
Сэрца чапаюць знаёмаю мукай...

Спадарыня Галіна Войцік кажа, што больш за ўсё на сьвеце Арсеньнева любіла лес. А мне падалося, што і Вільню яна апісвала як лес – парослыя хвоямі ўзгоркі пад сінім небам, дзе паміж дрэвамі пракідаюцца вежы бажніцаў і рознакаляровыя дахі дамоў, нібы арганічная частка гэтага прыроднага сымбіёзу, які з вышыні птушынага палёту сапраўды выглядае ці то горадам у лесе ці то лесам у горадзе...
XS
SM
MD
LG