Група дэпутатаў літоўскага парлямэнту на чале з сацыял-дэмакратам Бронюсам Брадаўскасам прыехала ў панядзелак у Менск і ўжо сустрэлася з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Спачатку ўправа Сэйму Літвы адмовілася накіраваць у Беларусь гэтую дэлегацыю, але потым, калі стала вядома, што чатыры дэпутаты ўсё адно паедуць у Менск, забарону на паездку скасавалі.
Спадар Брадаўскас, які ачольвае зарэгістраваную ў Сэйме групу добрасуседзкіх дачыненьняў зь Беларусьсю, нават пагражаў: “Усё аплачу сам, але паеду. Мы хочам Літве дабра, а не засоўваць галовы ў пясок, як страўсы. Паспрабую там давесьці, што не літоўцы баяцца кантактаваць зь беларусамі, а толькі жменька палітыкаў, якія ліжуць камусьці зады”.
Гэтыя непарлямэнцкія фразы выклікалі ў Літве абурэньне, як і сам плянаваны візыт. Агенцтва БНС падало такі загаловак: “Група сацыял-дэмакратаў Сэйму Літвы рвецца ў Менск сустрэцца са стаўленікамі дыктатара”.
Але дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў гэта не зьбянтэжыла. Віцэ-сьпікер палаты Ўладзімер Канаплёў, вітаючы гасцей зь Вільні, заўважыў:
(Канаплёў: ) “Нягледзячы на шмат якія акалічнасьці нашых стасункаў, тыя сяброўскія сувязі паміж нашымі народамі, у тым ліку й паміж парлямэнтарамі, якія ўсталяваліся шмат гадоў таму, думаю, ёсьць і будуць надалей”.
Ад спадара Канаплёва літоўскія дэпутаты даведаліся, што ў Палаце прадстаўнікоў шэсьць фракцыяў, а Нацыянальны сход Беларусі знаходзіцца “на мяжы прызнаньня” ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, адкуль сюды езьдзіць шмат дэпутатаў — напрыклад, спадары Дэвіс і Горыс. Таму й літоўцам ня варта баяцца Беларусі, зазначыў Уладзімер Канаплёў.
У адказ Бронюс Брадаўскас заявіў:
(Брадаўскас: ) “Першыя крокі заўжды самыя цяжкія. Тым больш нам радасна называць сябе першапраходцамі, паколькі ў гэтых міжнародных умовах — мы цудоўна разумеем — ёсьць некаторыя аспэкты. Але яны зусім не зь літоўскага боку, не ад літоўскага народу. Беларускі народ таксама мусіць гэта зразумець. І Літва ніколі не зьбіралася і не зьбіраецца будаваць кітайскую сьцяну паміж суседзямі”.
Спадар Брадаўскас выказаў спадзеў, што ўжо ў наступным годзе ў Вільні будуць прымаць на вышэйшым узроўні дэлегацыю беларускага Нацыянальнага сходу. Але кіраўніцтва Сэйму ды Міністэрства замежных справаў Літвы нічога пра гэта ня ведаюць. Гаворыць дырэктарка інфармацыйнага дэпартамэнту літоўскага МЗС Віялета Матулайтэ:
(Матулайтэ: ) “Сваю пазыцыю Міністэрства замежных справаў Літвы перадало Сэйму Літвы. МЗС Літвы прытрымліваецца пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу наконт абмежаванага ўзроўню сустрэчаў з прадстаўнікамі Беларусі. Тым больш што й старшыня Сэйму адрокся ад гэтага візыту”.
У літоўскім Сэйме дагэтуль дзейнічае парлямэнцкая група па сувязях зь Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня. Варта нагадаць, што менавіта ў Літве жыў пасьля ад’езду зь Беларусі й старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі. Літоўскі парлямэнт адмовіўся ствараць падобную групу па сувязях з Нацыянальным сходам. Старшыня камітэту замежных справаў Сэйму Гедымінас Кіркілас падкрэсьліў, што прыватную паездку чатырох дэпутатаў у Менск ня трэба разглядаць як афіцыйнае прызнаньне Нацыянальнага сходу.