Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАГА РУХУ АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ


Юлія Шарова, Менск

Анатоль Шумчанка, які ніколі раней не трапляў у няволю, адзначае, што ніякіх парушэньняў супрацоўнікі пастарунку ў дачыненьні да яго не дапускалі. Цяпер былы вязень стараецца адвучыцца ад крымінальнага жаргону, да якога за пяць дзён надта прызвычаіўся, ды рыхтуецца змагацца за правы дробных бізнэсоўцаў.

(Шумчанка: ) “Улада выхавала мяне барацьбітом за правы прадпрымальнікаў, але пасьля такіх рэчаў яна выхоўвае мяне яшчэ й у палітычным пляне. Я мяркую, цягам гэтага тыдня мы зробім шэраг заяваў. У тым ліку афіцыйна зьвернемся да прэзыдэнта Расеі Пуціна і да прэзыдэнта ЗША Буша. Я давяду да канца тое, што не зрабіў 1 кастрычніка. Мы выйдзем на плошчу Незалежнасьці да гарвыканкаму й запатрабуем адказу за тое, што робяць чыноўнікі”.

Ля пастарунку на вуліцы Акрэсьціна Шумчанку сустракалі ягоныя паплечнікі. Сябры страйкаму прадпрымальнікаў, якім кіруе Валер Леванеўскі, на сустрэчу зь лідэрам “Пэрспэктывы” не прыйшлі. Хоць сам Леванеўскі ў часе знаходжаньня Шумчанкі ў пастарунку накіраваў яму ліст падтрымкі.

Нагадаем: адміністрацыйнае пакараньне Анатолю Шумчанку прызначылі за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі 3 верасьня. Тады прадпрымальнікі на чале зь ім скіраваліся на сустрэчу з адміністрацыяй Маскоўскага раёну. Гандляры пэўны час праседзелі на прыступках будынку адміністрацыі, але чыноўнікі да іх ня выйшлі. Шумчанку ж абвінавацілі ў арганізацыі недазволенага сходу. 1 кастрычніка старшыню “Пэрспэктывы” арыштавалі ў гарадзкім судзе Менску, куды ён прыйшоў падтрымаць прадпрымальнікаў, якія судзіліся з адміністрацыяй Маскоўскага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG