Гілевіч успрымае словы калегі як хлусьлівыя, і кажа, што за 13 гадоў партыйнага стажу ніколі не абіраўся ня тое што ў ЦК КПБ, але нават у абкам, гаркам ці райкам партыі. А ў 1971 годзе, калі пісаўся “Сказ...”, наогул ня быў сябром КПСС. Яшчэ адзін апанэнт Гілевіча, паэт Мікола Аўрамчык, упэўнены: партыйныя апраўданьні Гілевіча ў дадзеным выпадку не да месца.
Мікола Аўрамчык, які на роўных зь Нілам Гілевічам правох прэтэндуе на аўтарства “Сказу пра Лысую гару”, упэўнены: Гілевіч шукае трыбуну, каб пераканаць усіх, што толькі ён можа лічыцца адзіным аўтарам паэмы. Цяпер спадар Аўрамчык рыхтуе падрабязны ў храналёгіі адказ былому калегу. Аўрамчык кажа, што ранейшая публікацыя ў часопісе “Дзеяслоў”, напісаная ад імя Ведзьмака-Лысагорскага, многімі не была заўважаная і таму людзі ня ведаюць: чаму раптам на свой день нараджэньня (30 жніўня) Гілевіч вырашыў легалізавацца праз газэту “Народная воля”?
(Аўрамчык: ) “Шмат хто не чытаў майго артыкулу ў “Дзеяслове”, таму думаюць, што Гілевіч насамрэч выступіў ад сябе, упершыню. А каб убачылі той “Дзеяслоў”, дык зразумелі б: гэта, так бы мовіць, адказ у адказ на прызнаньне Вядзьмака-Лысагорскага, як стваралася паэма”.
(Карэспандэнт: ) “Але ад пачатку плянавалася, што і Гілевіч павінен быў выступіць у “Дзеяслове”.
(Аўрамчык: ) “Хлопцы з часопісу — маладыя, наіўныя, жаўтаротыя птушаняты. Ніколі б Гілевіч у “Дзеяслове” ня выступіў, бо ціснуў на наклад. Што яму “Дзеяслоў” з тысячай асобнікаў? Трэба, каб усе пабачылі: партрэт ва ўвесь рост! Але ж колькі там хлусьні несусьветнай! Распавядае, што я яму аб нечым расказваў. Аб чым, калі на Лысай гары яшчэ нічога не было? Як гэта магло быць: я расказваў, а ён пісаў? Пачалі ж мы пісаць не пра поле, а пра пісьменьніцкі саюз. А ён падае гэтак высакамоўна, сам сабе такія ацэнкі дае”.
(Карэспандэнт: ) “А Ніл Сымонавіч з вамі пасьля гэтага неяк кантактаваў?”
(Аўрамчык: ) “Ды не, ён не затэлефануе! А я б і ня стаў зь ім гаварыць: аблаяў бы толькі ды кінуў слухаўку. Ён наогул будзе саромецца паказвацца мне на вочы. Як гэта так? — сядзелі, удвох пісалі кожны радок, і раптам такое... Натуральна, каб выйшлі дзесьці прылюдна, дык я б расказаў, ён расказаў. І хай людзі рассудзяць: у чым ён мае рацыю, а ў чым я”.
Між тым, пакуль ніводзін з прэтэндэнтаў на аўтарства “Сказу пра Лысую гару” не сьпяшаецца аформіць сваё аўтарства афіцыйным шляхам. Ніл Гілевіч пасьля прызнаньня ў “Народнай волі” вельмі істотна абежаваўся ў кантактах; спадар Аўрамчык лічыць, што цяпер важна паставіць усё на свае месцы і ад’ехаў працаваць над уласным артыкулам на вёску. Кіраўніца аддзелу ўліку аўтараў і твораў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасьці Вольга Жажкова кажа: месца аўтара паэмы пакуль вакантнае.
(Жажкова: ) “У нас зарэгістравана болей за паўтары тысячы беларускіх аўтараў. Што да гісторыі з “Лысай гарой”... Калі б, прыкладам, Гілевіч прыйшоў да нас і зарэгістраваў твор, то гэта зьяўлялася б доказам ягонага аўтарства. У іншым выпадку гаворка ідзе пра немаёмасныя правы: без рэгістрацыі аўтар ня можа атрымліваць ганарараў за надрукаваны ці перавыдадзены твор. Зараз я зірну на базу зьвестак... Ну, вось у Гілевіча такой рэгістрацыі я ня бачу. Аўрамчык наогул зьняты з уліку з адзнакай “страта дзелавой сувязі”. Але хто прыйдзе зь іх першы, таго і зарэгіструем. У выпадку прэтэнзій на аўтарства з другога боку, праўду мусіць шукаць суд. Але мы зарэгіструем першага — пры ўмове наяўнасьці дакумэнтаў, арыгінальнага тэксту і г.д. Калі спрэчка працягнецца — уступіць у справу суд: мы толькі рэгіструем”.
Сама ж спадарыня Жажкова мяркуе, што без суду гэту спрэчку наўрад ці ўдасца ўрэгуляваць.