Вайсковыя манэўры сталі такой жа прыкметай году ў Беларусі, як сьвята ўраджаю “Дажынкі” альбо песенны фэст “Славянскі базар”. Два гады таму беларускае войска змагалася з умоўным праціўнікам на Нёмане, летась на Бярэзіне. Цяпер вайсковыя гульні разгорнуцца на забалочаных абшарах берасьцейскага Палесься.
Паводле сцэнару, там, на Абуз-Лясноўскім палігоне непадалёк ад Баранавічаў, зьявіцца ўмоўны праціўнік, якога належыць умоўна зьнішчыць. Праціўнік нібыта прыляціць з захаду, і таму асноўным сродкам супраць агрэсара будуць зэніткі, устаноўкі ракет ды іншая супрацьпаветраная зброя, у тым ліку больш за 100 самалётаў.
Гэтак званая сухапутная фаза манэўраў будзе таксама пераканаўчая — у ёй возьмуць удзел некалькі дзясяткаў танкаў і да ста баявых машын пяхоты і транспартэраў. Гэтая армада будзе акружаць ды зьнішчаць умоўнага агрэсара, які усё ж прарвецца праз шчыльны супрацьпаветраны заслон. А ўсяго ў манэўрах возьмуць удзел больш за 8 тысяч беларускіх вайскоўцаў, амаль кожны дзясяты. Таксама будзе задзейнічаная рота расейскіх вайскоўцаў і некалькі выведкавых расейскіх самалётаў.
Назіральнікі адзначаюць, што гэта будуць адныя з самых буйных супрацьпаветраных манэўраў за мінулае дзесяцігодзьдзе ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Эўропе, і задаюцца пытаньнем, ці па кішэні іх правядзеньне краіне, якая даўно ёсьць лідэрам СНД паводле паказчыкаў штогадовай інфляцыі.
Між тым, у прэсавай службе Міністэрства абароны мне сёньня патлумачылі, што манэўры ня будуць дарагія, бо асноўныя выдаткі закладзеныя ў штогадовыя пляны вайсковай вучобы, таму дадатковае фінансаваньне патрэбнае “хіба што камандзіровачныя афіцэрам”.
Аднак некаторыя адмыслоўцы лічаць інакш. Прыкладам, лідэр партыі “Народная грамада” падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч, які доўгі час працаваў у вайсковай акадэміі:
(Статкевіч: ) “Акцэнт манэўраў на абарону ад паветранага нападу пры тым, што не праводзіцца баявых стрэльбаў (яны ў нас праводзяцца на замежных палігонах), ператварае іх у дастаткова дарагое мерапрыемства з эфэктам, якога магчыма дасягнуць значна таньней. Мяркую, тут найперш ёсьць палітычны аспэкт, і ён у тым, што спадар Лукашэнка чарговы раз дэманструе сваім прыхільнікам сваю сьмеласьць, “круцізну”. Маўляў, мы маленькая, але ганарлівая краіна, якая не паддасца шантажу. Таму, па сутнасьці, гэта больш палітычная акцыя”.
Два гады таму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Лукашэнка асабіста ўзначаліў вайсковыя манэўры, а парад іх удзельнікаў прымаў у адмысловым мундзіры, які нагадваў мундзір маршала Савецкага Саюзу. Мікалай Статкевіч не выключае, што нейкі прыемны свайму электарату падарунак цяперашні кіраўнік Беларусі прыгатаваў і гэтым разам. Афіцыйна абвешчана, што ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў манэўрах чакаецца 11 кастрычніка, на іх заключнай фазе. Дзеля гэтага Аляксандар Лукашэнка мусіць прыехаць у Баранавічы, дзе будзе разгорнуты штаб манэўраў “Чыстае неба-2003”.