Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

5 кастрычніка ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень настаўніка.

Таксама 5 кастрычніка ў 1921 годзе ў Лёндане быў заснаваны Міжнародны ПЭН-клюб – пісьменьніцкая арганізацыя сусьветнага маштабу. Сёньняшні беларускі ПЭН-клюб пасьля сьмерці ягонага прэзыдэнта Васіля Быкава ўзначальвае Лявон Баршчэўскі, а ўваходзяць у яго найбольш аўтарытэтныя літаратары краіны. Штогод беларускі ПЭН уручае дзьве літаратурныя прэміі – імя Францішка Багушэвіча і імя Алеся Адамовіча.

5 кастрычніка 1796 году нарадзіўся расейскі граф Міхаіл Мураўёў, які працяглы час быў адміністратарам на далучаных да Расеі беларускіх землях. Мураўёў вядомы тым, што ператварыў фактычна ўніяцкую краіну ў праваслаўную. Па ўсёй Беларусі былі збудаваныя сотні аднолькавых праваслаўных цэркваў, якія дагэтуль называюць “мураўёўкамі”. Да таго ж граф Мураўёў праводзіў жорсткую палітыку русіфікацыі ва ўсіх сфэрах жыцьця Беларусі. На ягоным сумленьні жыцьці беларускіх паўстанцаў за незалежнасьць, у тым ліку і нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, якога ён загадаў павесіць, за што Мураўёва празвалі ў народзе вешальнікам.

А яшчэ 5 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся амэрыканец Рэй Крок, стваральнік сеткі рэстаранаў хуткае абслугі McDonald’s, і чэскі драматург Вацлаў Гавэл, які да нядаўняга часу быў прэзыдэнтам Чэхіі.

Цяпер – пра выдатных асобаў, якія прыйшлі на сьвет 6 кастрычніка.

У гэты дзень у 1876 годзе нарадзіўся Ян Булгак, беларускі фотамайстар і этнограф. Родная вёска Булгака – Асташына ў цяперашнім Наваградзкім раёне. Дзякуючы Булгаку, да нашага часу дайшлі выявы людзей, вёсак і гарадоў, а таксама архітэктурных помнікаў краю, якіх даўно няма ў рэчаіснасьці.

Таксама 6 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся польскі кампазытар і піяніст Караль Шыманоўскі, нарвэскі дасьледнік і падарожнік Тур Геердал і літоўскі кінаактор Ёзас Будрайціс.

А яшчэ 6 кастрычніка ў Туркмэніі адзначаецца Дзень памінаньня. Там згадваюць ахвяраў страшнага ашгабадзкага землятрусу, які адбыўся 60 гадоў таму. Між іншым, праўдзівыя зьвесткі пра маштабы ахвяраў таго землятрусу былі рассакрэчаныя зусім нядаўна. За адну ноч тады загінула 110 тысячаў чалавек. А прычынай такіх масавых стратаў называюць эканомію на будаўніцтве дамоў, пры якой небясьпека землятрусу ня ўлічвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG