Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ДЭМАКРАТЫ ЗЬБІРАЮЦЦА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПАРЛЯМАНЦКІХ ВЫБАРАХ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Праўда, магчымасьці для дзеяньняў у іх адносна невялікія: для выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнікоў існуюць дзьве гарадзкія і адна гарадзенская сельская акруга, якая ўключае і частку жылых кварталаў абласнога цэнтру.

Сёньня ў “Гарадзенскай ініцыятыве” пануе прагматычны падыход да выбараў. Ніякіх ілюзыяў няма. Людзі разумеюць, што выбары будуць недэмакратычныя, што рэальных спадзяваньняў на зьмены ў выбарчым заканадаўстве быць ня можа.

Аднак большасьць сябраў Каардынацыйнага камітэту лічаць, што ўдзельнічаць у іх трэба. Нават дапускаючы наперад, што ніхто ня пройдзе, усё адно гэта ня будзе поўнай паразай, бо дэмакраты лічаць, што самае галоўнае—гэта зьмяняць настрой людзей, уплываць на іхнае мысьленьне

Адным словам, яны будуць задаволены нават мінімальным—падчас выбарчай кампаніі сустракацца зь людзьмі, гутарыць, тлумачыць сваю пазыцыю. Праца з выбаршчыкамі—гэта сама па сабе вельмі важная мэта, – патлумачыў мне сябра “Гарадзенскай ініцыятывы” Аляксандар Мілінкевіч.

Ці ўдасца апазыцыі падзяліць паміж сабою гэтыя тры акругі напярэдадні выбараў?

Выказваліся дзьве думкі: вылучаць па адной кандыдатуры ў кожнай акрузе ці па некалькі, у спадзяваньні, што хоць хто-небудзь ды пройдзе. У “Гарадзенскай ініцыятывы” будзе прынамсі 10 кандыдатураў на тры акругі. Ці пагодзяцца дэмакраты пакінуць толькі трох кандыдатаў? Ці ня ўзьнікне ў кагосьці жаданьне вылучацца, не зважаючы на папярэднія дамоўленасьці? Пакуль сказаць цяжка. Магу толькі спаслацца на сёлетнія мясцовыя выбары.

У Каардынацыйным камітэце таксама загадзя дамовіліся дзейнічаць узгоднена, падзяліць акругі, не перашкаджаць адзін аднаму. Але потым, па-мойму, па трох акругах так і не дайшлі да згоды. Вылучаліся ў адной, напрыклад, сябра БНФ і сябра АГП. Вынік—адмоўны для абодвух.

У гарадзкі савет прайшоў толькі адзін чалавек, сябра БНФ старшыня Незалежнага прафсаюзу аб’яднаньня “Азот” Сяргей Антусевіч. Трэба адзначыць, што ягоным канкурэнтам быў першы сакратар гаркаму БРСМ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG