Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД КОЗІК ХОЧА СТВАРЫЦЬ ПРАФСАЮЗНУЮ ФРАКЦЫЮ Ў ПАРЛЯМЭНЦЕ

Валер Каліноўскі, Менск

Леанід Козік мяркуе, што прафсаюзы павінны мець права заканадаўчай ініцыятывы і праз парлямэнт уплываць на разгляд жыцьцёва важных праблемаў. Як успрымаюць палітызацыю Фэдэрацыі прафсаюзаў ва ўладных структурах і грамадзтве?

Міністэрства юстыцыі, чыімі намаганьнямі за фармальныя парушэньні было закрыта нямала незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў, ніякіх прэтэнзіяў да рашэньняў ФПБ і заяваў спадара Козіка ня мае. Гаворыць кіраўнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Мінюсту Міхаіл Сухінін:

(Сухінін: ) “Не валодаю інфармацыяй, мы далёкія ад гэтага”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што прафсаюзы, як і іншыя грамадзкія арганізацыі, паводле закону могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў, накіроўваць на ўчасткі назіральнікаў, весьці агітацыю.

(Лазавік: ) “Магчымасьцяў для гэтага ў іх шмат, галоўнае — не пераходзіць рамкі закону. Адзінае, што ў іх няма права на наўпростае вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты”.

Мікалай Лазавік паведаміў, што такое права маюць толькі палітычныя партыі. Прафсаюзныя кандыдаты могуць удзельнічаць у выбарах праз збор подпісаў выбарцаў ці сходы ў працоўных калектывах, але і ў такім выпадку яны ня могуць лічыцца вылучэнцамі прафсаюзаў.

Прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных парфсаюзаў Аляксандар Ярашук лічыць, што разумеючы цяперашнюю выбарчую сытуацыю, Леанід Козік разьлічвае перш за ўсё на пэўную квоту на дэпутацкія мандаты ад выканаўчай улады і адпаведнае спрыяньне ягоным кандыдатам зь іх боку.

(Ярашук: ) “Сёньня гаварыць, што нешта незалежнае можа Федэрацыя рабіць — проста не даводзіцца. Цяпер размова йдзе аб тым, што Фэдэрацыя прафсаюзаў зьяўляецца аб’ектам палітычных маніпуляцыяў”.

Былы старшыня ФПБ Уладзімер Ганчарык, якога ўлады абвінавачвалі ў палітызацыі прафсаюзаў, кажа, што прафарганізацыі ня могуць быць зусім стэрыльнымі ў палітычным пляне: змагаючыся за правы працоўных, яны ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці. Аднак падчас папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў ФПБ правяла аднаго свайго актывіста ў парлямэнт”.

(Ганчарык: ) “Сам удзел у выбарах можна вітаць. Але вось зь якой мэтай гэта робіцца? Калі гэта робіцца, каб сапраўды ўзмацніць абарону правоў працоўных, гэта добра. Але ў дадзеным выпадку гэта робіцца, каб правесьці туды людзей, якія будуць падтрымліваць уладу, аб чым цяперашняе краўніцтва Фэдэрацыі заяўляе, не саромеючыся. І гэта вельмі дрэнна”, — зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Ён мяркуе, што заявы спадара Козіка ўзгодненыя з пазыцыяй прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Магчымая і іншая сітуацыя, — заўважае палітоляг Уладзімер Роўда.

(Роўда: ) “Па вялікім рахунку, гэта мо нейкі такі ход, зьвязаны з тым, што ўсе больш-менш разумныя людзі разумеюць, што лукашэнкаўскі рэжым — гэта ненадоўга, што вось два-тры гады, і што рабіць ім асабіста? Магчыма, такая палітызацыя прафсаюзаў выкліканая гэтымі надзеямі, што будзе структура, якая ў прынцыпе будзе карысная таму ж самаму Козіку і ў постлукашэнкаўскую эпоху”.

Спадар Роўда не выключае, што можа існаваць плян, каб прафсаюзы выступілі з ініцыятывай аб падаўжэньні паўнамоцтваў А. укашэнкі, і тады іх палітычная функцыя будзе ўладам дарэчы. Уладзімер Роўда ўпэўнены, што прафсаюзы не павінны выконваць палітычную функцыю і падмяняць партыі — гэта не патрэбна ні рабочым, ні самім прафсаюзам, і нават шкодна.

(Роўда: ) “Гэта фактычна можа нават разбурыць парфсаюзы, таму што калі яны пераўтворацца ў адну з партыяў, нават у партыю ўлады (можа, гэта і ёсьць беларускім шляхам стварэньня такой партыі ўлады), то я думаю, што гэта не прынясе карысьці менавіта той мадэлі парфсаюзаў, якая патрэбная для дэмакратычнай краіны”, — зазначыў менскі палітоляг Уладзімер Роўда.
XS
SM
MD
LG