Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРЫВАТНЫЯ ДЭТЭКТЫВЫ ЧАКАЮЦЬ, КАЛІ МОЖНА БУДЗЕ ВЫЙСЬЦІ З ПАДПОЛЬЛЯ


Ігар Карней, Менск

Самі прадстаўнікі гэтай сфэры спадзяюцца, што гучныя справы, разблытаныя дзякуючы іхным намаганьням, яшчэ наперадзе. Пакуль што даводзіцца выконваць пераважна заданьні занадта раўнівых мужоў ці жонак і трымаць справаздачу за маральнае аблічча той ці іншай паловы сямейства. Што да колькаснага складу, то пакуль аматараў дэтэктыўнага экстрыму можна пералічыць на пальцах. Дый тых у любы момант могуць прыцягнуць да адказнасьці за дзейнасьць безь ліцэнзіі.

Паводле новых “пінкертонаў”, цяпер асноўная задача — абвесьціць пра факт свайго існаваньня. Нехта больш сьмелы пачаў даваць бягучым радком на “Першым музычным канале” кароткае паведамленьне: “Паслугі прыватнага дэтэктыва”. Я затэлефанаваў на пазначаны тэлефон — і вось кароткая гутарка з дэтэктывам, які назваў сябе Генадзем:

(Прыватны дэтэктыў: ) “Разгарнуцца дастаткова складана: самі разумееце, ліцэнзія на гэты від дзейнасьці не выдаецца. Даводзіцца самому шукаць кліентуру. Можа, празь некалькі месяцаў будзе лягчэй: МУС павінна падаць ва ўрад прапановы на мэтазгоднасьць ліцэнзаваньня гэтай дзейнасьці. Пакуль жа гэтая сфэра ў загане, яе проста няма. У Расеі, за межамі Беларусі ўсё пастаўлена на сур’ёзныя рэйкі.

У нас з гэтым ніяк. Збольшага зьвяртаюцца з бытавымі просьбамі: муж просіць пасачыць за жонкай і наадварот. Чагосьці больш сур’ёзнага апасаюцца; спрабуюць самі здабываць інфармацыю, каб яна нідзе не ўсплыла. Хоць, калі ў людзей сур’ёзныя праблемы, якіх яны ня хочуць падаваць на разгляд у міліцыю, то варыянт прыватнага дэтэктыва найлепшы. Але цяпер асноўная задача — пра сябе заявіць. Усё пакуль што на пачатковым этапе, але нейкія вынікі ёсьць. І сэнс займацца гэтым ёсьць таксама”.

Дэтэктыў Генадзь яшчэ ўдакладніў, што заняць нішу трэба ў любым разе: цяпер няма канкурэцыі і ў выпадку станоўчага вырашэньня пытаньня зь ліцэнзаваньнем той, хто першы зоймецца справай прафэсійна, атрымае і больш кліентаў.

А як на зьяўленьне прыватных дэтэктываў рэагуюць у праваахоўчай сыстэме? Як бы там ні было, а гэта — патэнцыйныя канкурэнты? Невялікае апытаньне засьведчыла: пакуль рэагуюць пераважна са сьмехам, маўляў, гэта толькі чарговае пераймальніцтва (маючы на ўвазе капіяваньне замежных агенцыяў прыватнага вышуку). Я затэлефанаваў у некалькі сталічных РУУС, і рэакцыя была адна: куды яны сунуцца бяз базы адпаведных ведаў, без апаратуры, без сабакаў?

Нарэшце, хто дасьць ім санкцыі на вобшук, праслухоўваньне, ня кажучы пра больш радыкальныя захады? У меншасьці, але гучала і станоўчае меркаваньне: прыватнікі маглі бы адцягнуць на сябе значную частку гэтак званых “вісуноў” — справаў, якія гадамі ляжаць пад сукном з прычыны сваёй бытавой скіраванасьці, а таму прызначаныя да разгляду ў апошнюю чаргу. Да таго ж, адзначыў адзін са сьледчых, прыватны дэтэктыў атрымае ганарар за кожную пасьпяховую справу, а дзяржаўны сьледчы колькі ні раскрые злачынстваў, усё роўна застанецца на акладзе. А значыцца, і стымулу высільвацца няма.

Дарэчы, дэтэктыў Генадзь некаторы час працаваў у сфэры крымінальнага вышуку і таму, насуперак пэсымізму, ня лічыць сябе поўным дылетантам. І кажа, што абсалютна выпадковых людзей у гэтай справе быць ня можа.

Ён жа цяпер жыве толькі з новай справы і ўпэўнены: будучае ў сфэры расьсьледаваньняў злачынстваў недзяржаўных маштабаў якраз за прыватнымі дэтэктывамі. У суседняй Расеі такі ўхіл ужо назіраецца, а яшчэ раней гэты досьвед перанялі палякі і літоўцы. Разам з тым, ён упэўнены, што нельга аўтаматычна лічыць прафэсіяналамі ўсіх, хто носіць пагоны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG