У Мазырскай калёніі строгага рэжыму ўтрымліваецца зараз 3,5 тысячы чалавек. Звыш 4% зняволеных – ВІЧ-інфікаваныя. Распавядае турэмны доктар Яўген Жалезны:
(Жалезны: ) “ВІЧ-інфікаваныя ёсьць –155 чалавек. У асноўным у іх сымптомная стадыя. У некалькіх атрадах гэтыя людзі выдзеленыя ў асобныя брыгады. Разам яны не сабраныя”.
Паводле ягоных словаў ВІЧ-інфікаваныя зьняволеныя адмысловага лячэньня не атрымліваюць. У большасьці носьбітаў першая стадыя захворваньня.
27-гадовы Міхаіл са Сьветлагорску патрапіў у турму на 6 гадоў за крадзёж. Краў, каб прадаваць рэчы і набываць наркотыкі. У Міхаіла таксама выяўленая ВІЧ-інфэкцыя.
(Міхаіл: ) “Як толькі я зь Менску на месяц прыехаў у Сьветлагорск, за гэты месяц ізноўку зьвязаўся з ранейшай кампаніяй, стаў ужываць наркотыкі і чарговым разам патапіў за краты. Ня змог зарганізаваць сваё жыцьцё. Не хапіла мне сілы волі, унутраных рэсурсаў. І вось расплачваюся. Патрапіў на самае дно. Але я пазбавіўся ўжо ад наркатычнай залежнасьці, дапамагла ізаляцыя”.
У абласным цэнтры прафіляктыкі СНІД’у паведамілі, што Мазырская калёнія не адзіная пэнітэнцыярная ўстанова, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя, хворыя на СНІД. Паводле некаторых зьвестак каля 130 ВІЧ-інфікаваных жанчын знаходзяцца за кратамі ў жаночай турме, разьмешчанай на вуліцы Атошкіна абласнога цэнтру.
Яшчэ каля сотні ВІЧ-інфікаваных утрымліваюцца ў сьледчым ізалятары.
Той жа цэнтар прафіляктыкі СНІД’у сьцвярджае, што сёлета з пачатку году ў рэгіёне зарэгістравана ўжо 106 новых носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі. Зь іх 27% выяўленыя непасрэдна ў сьледчым ізалятары.