Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯД РАСЕЙСКАЙ ПРЭСЫ


Юры Дракахруст, Прага

У сёньняшніх публікацыях расейскага друку пераважае крытычнае стаўленьне да патрабаваньняў беларускага ўраду наконт кампэнсацыі за пераход Беларусі на расейскі рубель.

Пра танальнасьць камэнтароў сьведчаць нават загалоўкі публікацыяў:

“Ізвестия” – “Абменны пункт зачынены: Госьці зь Менску ня здолелі памяняць у Маскве рублі на даляры. Пляны пераходу саюзнай дзяржавы на адзіную валюту іўноў пад пагрозай зрыву”.

“Коммерсант” – “Беларусь рубля ня вартая. Саюзны ўрад стаў антысаюзным”.

“Новые ізвестія” – “За рубель не прыплочваюць. Масква стамілася ісьці на саступкі Менску”.

“Газэта” – “За такое не прыплочваюць. Беларусь просіць да рубля яшчэ 2 мільярды даляраў”.

“Время новостей” – “Колькі каштуе славянскае братэрства?”

Расейскія выданьні распавядаюць пра жорсткую дыскусыю, якая адбылася на прэсавай канфэрэнцыі па выніках паседжаньня саўміну паміж выконваючым абавязкі кіраўніка беларускага ўраду Сяргеем Сідорскім і прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Касьянавым.

Паводле “Известий” спадар Сідорскі заявіў, што сапраўднасьць лічбаў кампэнсацыі Беларусі за пераход на расейскі рубель не выклікаюць сумневу ў экспэртаў. На гэта спадар Касьянаў папрасіў беларускага калегу ня ўводзіць у зман мэдыі, паводле яго ўрад Расеі ніякіх лічбаў не пацьвярджаў і наагул не разумее, пра якія кампэнсацыі ідзе гаворка.

Газэта “Ведомости” прыводзіць меркаваньні расейскіх экспэртаў, якія лічаць неабгрунтаванымі патрабаваньні беларускага ўраду наконт кампэнсацыяў за пераход на расейскі рубель. На думку рэктара Акадэміі народнай гаспадаркі Ўладзімера Маў беларускі ўрад можа накіраваць гэтыя грошы на сацыяльныя выплаты, а калі сродкі скончацца, абвінаваціць Расею ў пагаршэньні сытуацыі.

“Коммерсант” зьвяртае ўвагу на рэзкія заявы , якія прагучалі з вуснаў міністра фінасаў Расеі Аляксея Кудрына літаральна за некалькі хвілінаў да пачатку паседжаньня саўміну саюзу. Кудрын назваў бессэнсоўнымі прапановы беларускага ўраду дазволіць выкарыстоўваць расейскі рубель у безнаяўных разьліках.

Расейскі міністар фінансаў таксама сказаў, што плаціць дадатковыя кантрыбуцыі беларусам за далучэньне да рубля Расея ня будзе. З гэтых заяваў “Коммерсант” робіць выснову, што правал паседжаньня саюзнага саўміну быў абвешчаны да яго пачатку.

А “Новые известия”, аналізуючы ўчорашняе сутыкненьне спадароў Сідоскага і Касьянава, прыходзіць да больш значнай высновы: “Падаецца” – піша газэта – “што ў расейска-беларускіх стасунках адбыўся канчатковы разрыў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG