2 кастрычніка ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд пазову Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Месяц таму БХК пакаралі папярэджаньнем за недакладнасьці ў напісаньні назвы арганізацыі і ў тэксьце пячаткі. Праваабаронцы лічаць гэтыя прэтэнзіі дробнымі прыдзіркамі, якія сьведчаць пра загад уладаў арганізаваць ціск на іх арганізацыю. Паводле выканаўчага дырэктара БХК Алега Гулака, пра гэта сьведчыць і тое, якім чынам чыноўнікі Мінюсту зьбіралі пацьверджаньні парушэньняў з боку праваабаронцаў.
(Гулак: ) “Каб даказаць, што мы маем парушэньні ў назьве арганізацыі, яны ціхенька прыйшлі да нас пад дзьверы, пабачылі аркуш паперы фармату А-4, на якім напісана “Беларускі Хэльсынскі Камітэт” і склалі акт, нават не запытаўшы нас, ці мы павесілі гэты аркуш. Таксама ў Інтэрнэце знайшлі, што недакладна запісаная назва і гэта азначае, што мы такія злосныя парушальнікі, якіх трэба пакараць папярэджаньнем”.
Удакладню, што паводле закону ў афіцыйных дакумэнтах назву арганізацыі сапраўды трэба пазначаць цалкам. Для БХК гэта будзе “Беларуская грамадзкая арганізацыя “Беларускі Хэльсынскі Камітэт”. Праваабаронцы не аспрэчваюць таго факту, што гэтая ды некаторыя іншыя недакладнасьці ў справаводзтве ў іх былі, але яны лічаць пакараньне за іх неадэкватным. Бо другое папярэджаньне грамадзкай арганізацыі можа прывесьці да яе закрыцьця, а гэта ўжо ёсьць абмежаваньнем права грамадзян на аб’яднаньні, якое гарантаванае Канстытуцыяй. Гэтае права можа быць абмежаванае толькі ў скрайнім выпадку — вайны ці надзвычайнага становішча.
Сёньня на працэсе ў Вярхоўным судзе праваабронцы даводзілі гэтыя меркаваньні судзьдзі Але Сакалоўскай. Прадстаўнікі Мінюсту адстойвалі сваю пазыцыю. Яна не зьмянілася — Мінюст па-ранейшаму лічыць, што правааборнцы з БХК парушылі пэўныя патрабаваньні закону і іх варта пакараць папярэджаньнем.
Праз падобнае папярэджаньне сёлета ў верасьні была закрытая праваабарончая арганізацыя “Прававая дапамога насельніцтву”, а потым пагроза закрыцьця праз суд навісла над праваабарончай арганізацыяй “Вясна”. Яе закрыцьцё таксама ініцыявала Міністэрства юстыцыі. У Мінюсьце аднак сьцьвярджаюць, што ніякай “замовы зьверху” на закрыцьцё праваабарончых цэнтраў няма.
Працэс паводле позвы БХК да Мінюсту прадоўжыцца 3 кастрычніка. Дарэчы, імя судзьдзі Алы Сакалоўскай, якая разглядае пазоў, нядаўна прагучала ў сувязі з арыштам прафсаюзнага актывіста Аляксандра Ярашука. Менавіта да яе, паводле суду, Аляксандар Ярашук выявіў непавагу ў сваім артыкуле, за што атрымаў 10 сутак.