Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 13% ПАДАРАЖЭЎ ПРАЕЗД У МЕНСКІМ ГРАМАДЗКІМ ТРАНСПАРЦЕ


Ганна Соусь, Менск

Цяпер поўны квіток на ўсе віды транспарту каштуе 250 рублёў, а льготны — 125 рублёў. Кіроўцы будуць прадаваць квіткі за 300 рублёў. Упраўленьне транспарту і сувязі Менгарвыканкаму тлумачыць чарговае падвышэньне нізкай акупляльнасьцю грамадзкага транспарту. Пры новых тарыфах яна складзе крыху больш за 36%. Адметна, што рашэньне аб падвышэньні кошту на праезд менскія ўлады прынялі тры дні таму й не пасьпелі як своечасова папярэдзіць людзей, так і надрукаваць новыя талёны і праязныя.

Ад 1 кастрычніка рашэньнем Менгарвыканкаму павялічаны й кошт праезду ў прыгарадных аўтобусах. У іншых гарадах Беларусі квіткі пакуль каштуюць па-ранейшаму 220 рублёў.

Сёньня я зьвярнулася да пасажыраў менскага мэтро з наступным пытаньнем:

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як гэтае падаражэньне адаб’ецца на вашым бюджэце?”

(Спадар: ) “Пакуль ня вельмі, бо ў аўторак я набыў ільготны праязны на ўвесь месяц. Пакуль не адаб’ецца, а далей будзе бачна. Цяпер яшчэ бацькі дапамагаюць, і таму ня вельмі б’е па маёй кішэні”.

(Карэспандэнтка: ) “А якую частку вашага бюджэту складаюць выдаткі на транспарт?”

(Спадар: ) “Даволі значную. З нашай стыпэндыі на 50 тысяч даволі вялікую частку мне даводзіцца аддаваць на транспарт. І гэта яшчэ добра, што я па магчымасьці карыстаюся мэтро і аўтобусам”.

(Другі спадар: ) “Адаб’ецца істотна. Даводзіцца эканоміць — браць квартальны праязны”.

(Трэці спадар: ) “У капеечку ўляціць. Я раніцай толькі пачуў па тэлебачаньні, што ад сёньняшняга дня ўсё падаражэла. Да гэтага ніякай інфармацыі не было. Заробкі на месцы, а кошты растуць. Цыгарэты даражэюць, усё даражэе. А калі што стане таньней, вы мне ня скажаце?”

(Чацьверты спадар: ) “Усё ў нас слушна робіцца. І на Лукашэнку трэба маліцца”.

(Спадарыня: ) “Канечне, цяжка. Не перашкодзіла б, каб праезд быў таньнейшым, таму што часта езьдзім і далёка езьдзім”.

(Другая спадарыня: ) “Я пэнсіянэрка, і для мяне кожнае падаражэньне — гэта вялікая праблема. Можаце ўявіць, з дому даводзіцца выяжджаць вельмі рэдка, а хутка ўвогуле нікуды ня выйдзеш. За месяц каля 15 талёнаў трэба набываць. Гэта вельмі адчувальна. Транспарт даражэе, але не абнаўляецца”.

(Спадар: ) “Нязначна падаражэў праезд для мяне — на 15 рублёў, бо я маю льготны праезд як студэнт. Мабыць, так патрэбна, бо грамадзкі транспарт не акупаецца цяпер”.

(Спадарыня: ) “У мяне заробак невялікі, таму для мяне гэта будзе ня вельмі прыемна. Праязны набываю празь месяц. Кожны месяц набываць праязны — для мяне гэта вельмі складана”.

(Другая спадарыня: ) “На нашым бюджэце? На людзях адаб’ецца. Усё даражэй, а заробкі не падвышаюцца. Лукашэнка прадае ў Расею ўсё танна, а як у нас прадаюць дорага”.

(Спадар: ) “Калі пэнсія ў чалавека 50 тысяч, то самі палічыце — гэты пэнсіянэр павінен хадзіць пешшу”.

Гэтак паставіліся пасажыры менскага мэтро да чарговага падаражэньня кошту праезду ў грамадзкім транспарце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG