Але прадстаўнікі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што для сур’ёзнага супраціву паленьню гэтага мала і заклікаюць беларускія ўлады да больш радыкальных захадаў. Чаму гэтыя заклікі застаюцца збольшага непачутымі?
Зьявілася інфармацыя, што на цыгарэтах, якія рэалізуюцца ў Беларусі, зьявіцца і візуальнае папярэджаньне: маўляў, дастаткова аматару паленьня зірнуць на лёгкія хворага на рак, і звычка сама зьнікне. Аднак да графіці на цыгарэтных пачках справа найбліжэйшым часам наўрад ці дойдзе, бо ад наступнага году такія захады паэтапна мусяць зьдзейсьніць у сваіх межах краіны Эўразьвязу. Прынамсі, у Міністэрстве аховы здароўя сказалі, што ў Беларусі пакуль няма нарматыўных актаў, якія абавязваюць вытворцаў маляваць на ўпакоўках лёгкія хворага на рак ці штосьці іншае. І нават недвухсэнсоўна патлумачылі: лобі вытворцаў і гандляроў тытунём надзвычай моцнае, любыя новаўводзіны даюцца вельмі складана.
Цяпер для Беларусі задача акрэсьленая больш сьціпла. Краіна адна зь нямногіх у Эўропе, дзе традыцыйнае папярэджаньне “Паленьне небясьпечнае для вашага здароўя” на пачку можна нават не заўважыць, так яно дробна напісанае. У суседняй Польшчы, прыкладам, надпіс займае 40% памеру пачка і тлумачэньне “Паленьне — прычына ракавых захворваньняў і хваробаў сэрца” абавязкова кідаецца ў вочы.
У Беларусі прапорцыі вагаюцца ў межах 10%, і гэта, паводле каардынатара Эўрапейскага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з паленьнем Андрэя Сякача, тое ж, што не пісаць нічога. Да таго ж, калі дзясяткі гадоў чалавека пужаць адным і тым жа, ён нават ад самых жахлівых пэрспэктываў адмахваецца, як ад надакучлівай мухі. Таму Эўрабюро выпрацавала плян больш зьмястоўных дзеяньняў.
(Сякач: ) “Замест аднаго надпісу, які ўжо абсалютна зацёрты (“Паленьне небясьпечнае для вашага здароўя”) будуць больш канкрэтныя: кшталту “Паленьне прыводзіць да анкалягічных захворваньняў”, “Паленьне — прычына імпатэнцыі” і г.д. Нягледзячы на моцнае лобі тытунёвых кампаніяў, пляны ў нас вялікія. Краіны Эўразьвязу прынялі рашэньне маляваць візуальнае папярэджаньне, але ў нас задача больш сьціплая — дамагчыся неабходных памераў папераджальных надпісаў. У некаторых краінах надпіс займае да 40% ад памераў пачку (рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя патрабуюць наогул 50%). Мы прапаноўвалі выдаткаваць для пачатку ня меней за 30% плошчы, але яна па ранейшаму не перавышае 10–12%. Справа, зноў жа, у лабіяваньні інтарэсаў, і гэтага ніхто не адмаўляе. Бо гэта вялікія грошы”.
Беларускія вытворцы цыгарэтаў пакуль ня вельмі ахвотна адгукаюцца на ініцыятывы Эўрабюро ў барацьбе з паленьнем. Матывуюць гэта тым, што пастанова Міністэрства аховы здароўя хоць і патрабуе папераджальнага надпісу, але вытворца вольны выбіраць, на якім менавіта папярэджаньні спыніцца: ці “псаваць” пачак пагрозай імпатэнцыі, ці задаволіцца дзяжурным узгадваньнем пра шкоду для здароўя.
А вось цыгарэты, якія трапляюць у Беларусь з Расеі, амаль 100-адсоткава суправаджае надпіс пра пагрозу нікатынавай залежнасьці (якая мала адрозьніваецца ад алькагольнай), ракавыя захворваньні і г.д. Памеры надпісаў хоць і не такія, як у Польшчы, але, паводле спадара Сякача, гэта ўжо пэўны прарыў, бо беларускім вытворцам урэшце не застанецца нічога, як, прынамсі, капіяваць расейцаў.
Разам з тым, Эўрабюро будзе дамагацца, каб тэматычная зьмена надпісаў адбывалася кожны квартал: спажывец не павінен прызвычаіцца і ўсё зноў успрымаць дзяжурна. А ўвогуле ж патрабаваньне Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя такое: пачак павінен літаральна крычаць аб шкодзе паленьня.