2 кастрычніка 1323 году, гэта значыць, 680 гадоў таму, у дакумэнтах упершыню згадваецца Вільня, сталіца Вялікага Княства Літоўскага, якая з 1940 году стала сталіцай сучаснай Літвы. Лічыцца, што Вільню заснаваў вялікі князь Гедымін. Насамрэч горад паўстаў нашмат раней як паселішча крывічоў і называўся тады Крывым горадам. У гісторыі Беларусі Вільня займае першаступеннае месца, больш за 500 гадоў яна была для нашага народу і палітычнай сталіцай, і галоўным культурным цэнтрам. Тут друкаваў свае кнігі Скарына, тут змагаўся з расейскім царызмам Каліноўскі, тут выйшла першая беларуская газэта “Наша Ніва”.
Сёньня спаўняецца 590 гадоў з дня заключэньня Гарадзельскай вуніі – саюзу Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Саюз аднак не касаваў сувэрэнітэту абедзьвюх краін і быў скіраваны на супольны адпор зьнешнім агрэсіям. Нэгатыўныя наступствы выклікаў пункт уніі пра прывілеяванае становішча каталікоў над праваслаўнымі, што неўзабаве адгукнулася хатнімі (міжусобнымі) войнамі ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе заўсёды суіснавалі розныя веравызнаньні.
2 кастрычніка 1862 году ў Пецярбургу ствараецца так званы Заходні камітэт – адмысловая дзяржаўная ўстанова для ліквідацыі нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі. Камітэт меў вельмі шырокія паўнамоцтвы і спрычыніўся да задушэньня паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
2 кастрычніка 1819 году ў Смалічах пад Нясьвіжым нарадзіўся Аляксандар Незабытоўскі, беларускі пісьменьнік, філёзаф і гісторык. Свае кнігі, поўныя заклікаў да свабоды ад расейскага царызму, ён выдаваў за мяжою і нелегальна перапраўляў іх у Беларусь. Урэшце аднойчы на мяжы Незабытоўскага схапілі і прысудзілі да 20-гадовае катаргі, дзе ён і памёр.
Сёньня спаўняецца 175 гадоў зь дня нараджэньня Міхала Каяловіча – гісторыка, аднаго з ідэолягаў заходнерусізму. Каяловіч прыйшоў на сьвет у мястэчку Кузьніца на Беласточчыне. Як ідэоляг ён бараніў панславісцкую канцэпцыю расейскай гісторыі, а разьвіцьцё беларускай культуры лічыў шкодным.
Сярод славутасьцяў сьвету, якія нарадзіліся 1 кастрычніка ў розныя гады, згадаем індыйскага палітыка і лідэра руху за незалежнасьць Індыі Махатму Ганды, ангельскага пісьменьніка Грэма Грына і папулярнага сёньня сьпевака Стынга, чый псэўданім перакладаецца на беларускую мову як “джала”.