Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ СУПЯРЭЧНАСЬЦІ ПАМІЖ БЕЛАРУСКІМ І РАСЕЙСКІМ КІРАЎНІЦТВАМ

Юры Дракахруст, Прага

Тое, што міжурадавыя перамовы , у тым ліку і беларуска-расейскія часам сканчаюцца нічым – зусім не сэнсацыя. Але звычайна такі сумны вынік залагоджваюць дыпляматычнымі камэнтарамі, маўляў, бакі прасунуліся ў вырашэньні праблемаў, наблізілі пазыцыі, дамовіліся працягнуць працу.

Гэтым разам супярэчнасьці былі выплюхнутыя на публіку, і Сяргей Сідорскі, і Міхаіл Касьянаў нібыта падкрэсьлівалі нясумяшчэльнасьць пазыцыяў прычым фактычна па ўсіх пунктах парадку дня.

Касьянаў заявіў, што Расея нават і ня думае ні пра якія кампэнсацыі Беларусі за ўвядзеньне расейскага рубля, бо гэта – “дабро для беларускай эканомікі”.

Сідорскі падкрэсьліў, што Беларусь на такую кампэнсацыю мае поўнае права. Прэм’ер Расеі сказаў, што максымум, што можа зрабіць Расея – гэта выплаціць Беларусі страты ад неатрыманьня падатку на дадатковую вартасьць за сёлетні год. Ягоны беларускі калега даводзіў, што кампэнсацыйныя выплаты мусяць распаўсюджвацца на гэтыя страты, пачынаючы з 2000 году.

Беларускі бок таксама заявіў, што ня мае прэтэнзыяў да валютнага пагадненьня, але мяркуе, што яно мусіць быць падпісанае разам з пагадненьнямі аб той самай кампэнсацыі і пра роўныя ўмовы гаспадараньня.

Расейскі ўрад мяркуе, што валютнае пагадненьне з іншымі пытаньнямі наўпрост не зьвязанае, і не падпісваецца выключна з прычыны нежаданьня беларускага боку.

Пра сумневы Беларусі наконт права ўласнасьці Расеі на бэнзынаправод, што ідзе празь беларускую тэрыторыю, расейскі прэм’ер гаварыў наагул на высокіх танах: ён сказаў, што Расея не зьбіраецца нават абмяркоўваць гэтае пытаньне і прыгадаў , што паводле Канстытуцыі абавязаны абараняць правы і ўласнасьць расейскіх кампаніяў, калі ім нешта пагражае.

Гэты скандал выглядае загадкавым сам па сабе, але асабліва, калі прыгадаць, што ўчора, за паўсутак да сёньняшняга саюзнага саўміну Аляксандар Лукашэнка меў у Крамлі размову з Уладзімерам Пуціным. Больш таго, калі Лукашэнка вярнуўся ў Менск, ужо сёньня яму патэлефанаваў прэзыдэнт Расеі.

Экспэрты лічылі, што ўчорашняя сустрэча ў Крамлі якраз і мусіла падрыхтаваць спрыяльнае тло для сёньняшняга пасяджэньня саюзнага саўміну, на вышэйшым узроўні вырашыць, узгадніць тыя пытаньні, на вырашэньне якіх кіраўнікі ўрадаў проста ня маюць паўнамоцтваў.

Тут варта ўлічваць і тое, што ані спадар Сідорскі, ані спадар Касьянаў не вядуць самастойную замежную палітыку. Абмяняўшыся сёньня рэзкімі, скандальнымі заявамі, яна на самой справе агучылі ня толькі пазыцыі, але і настрой сваіх шэфаў.

Начальнікі рэдка вядуць перамовы пра тое, як на наступны дзень будуць скандаліць паміж сабою іх падначаленыя.

Пра тое, што гутарка двух кіраўнікоў тычылася менавіта сёньняшняга пасяджэньня саюзнага саўміну, ускосна сьведчыць званок Пуціна фактычна ўздагон Лукашэнку пасьля трохгадзінай размовы. Гэта і ў будзёным жыцьці і ў высокай палітыцы адбываецца тады, калі трэба вырашыць штосьці тэрміновае, тое, што адбываецца літаральна сёньня. Нібыта ў Крамлі была дасягнутая дамова пра правядзеньні праз два тыдні пасяджэньня Вышэйшага Савету саюзу. Але пра тое, што адбудзецца праз два тыдні, не тэлефануюць уздагон.

Напрошваецца выснова – сёньняшні саюзны саўмін скончыўся публічным скандалам, бо ня проста правалам, але і скандалам, толькі непублічным, скончыліся ўчорашнія і сёньняшнія перамовы Лукашэнкі і Пуціна. Бакі ўпэўніліся ў нясумяшчальнасьці сваіх пазыцыяў.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу на інфармацыю, што на будычым паседжаньні Вышэйшага савету бакі дамовіліся абмеркаваць Канстытуцыйны акт. Магчыма, размова Лукашэнкі і Пуціна нагадвала гутарку Астапа Бэндэра з манцёрам Мечнікавым з “Дванаццаці крэслаў”: “А можна раніцай – крэслы (гэта значыць Канстытуцыйны акт, а ўвечары грошы (гэта значыць валютнае пагадненьне)?” “Можна, але грошы наперад”.
XS
SM
MD
LG