Каля Генэральнага консульства Польшчы на вуліцы Будзёнага я пабываў перад абедам. Сваёй чаргі чакалі прыблізна 70 чалавек, сярод якіх было, як і ў любой іншай чарзе, нямала сталых жанчын. Аказваецца, яны стаялі за сына альбо дачку, якія ня маюць часу чакаць у чэргах. Самавіты мужчына тлумачыў іншым, як і што трэба рабіць, ён ведаў усю патрэбную інфармацыю.
(Спадар: ) “Людзі запісваюцца паводле жывой чаргі. Каля 250 чалавек запісаліся сёньня. Арганізаваліся тут самі, а ўжо далей супрацоўнікі консульства запускаюць па некалькі чалавек з чаргі і выдаюць ім дакумэнты. Гэта 250 чалавек толькі менавіта тут. Апроч яшчэ турыстычных фірмаў, раёнаў. Усе яны абслугоўваюцца гарадзенскім консульствам”.
Чакаць атрыманьня польскай візы трэба тыдзень. Мой суразмоўца лічыць, што тыя, хто прыйшоў сёньня па візу, спадзяваліся, што раптам зь візавым рэжымам зноўку пачакаюць, як гэта было 1 ліпеня, калі польскі бок вырашыў адкласьці ўвядзеньне візаў яшчэ на тры месяцы.
У чарзе знайшоўся мужчына, які сёньня вярнуўся з Польшчы і прыйшоў па візу. Ехаў ён праз памежны пераход “Баброўнікі-Бераставіца”. Паводле яго, зь беларускага боку машын не было. А вось, каб трапіць на мытны і памежны кантроль з польскага боку яму давялося прастаяць у чарзе чатыры гадзіны. Збольшага вярталіся дахаты беларусы з таварам.
(Спадар: ) “У асноўным там былі мінібусы, загружаныя будаўнічымі матэрыяламі. І ў большасьці—віцебскія, гомельскія, магілёўскія бусы”.
Мае суразмоўцы мяркуюць, што вялікія чэргі ў польскае консульства будуць тыдзень-максымум два. А потым яны зьменшацца. Аднак трэба заўважыць, што консульства абслугоўвае ўсю Гарадзенскую вобласьць, у якой жыве амаль адзін мільён дзьвесьце тысячаў чалавек. І сярод іх вельмі шмат людзей дагэтуль дастаткова рэгулярна наведвалі Польшчу, усім ім сёньня патрэбны візы.