Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВІЦЕ ДОЎГА – НОВАЕ Ў СУЧАСНАЙ МЭДЫЦЫНЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Старэньне грамадзтваў у Эўропе і па ўсім сьвеце – адносна новая зьява, але яна выклікае трывогу і сярод сацыёлягаў, і сярод дэмографаў ды эканамістаў.

Дэмаграфічнае Бюро ААН, занялося падлікам старых людзей яшчэ паўстагодзьдзя таму. У 1950 годзе ў сьвеце налічвалася 163 мільёны старых людзей, гэта значыць 6,5% усяго насельніцтва сьвету. Дзесяць гадоў пазьней, гэтая лічба перавысіла 200 мільёнаў, а ў 1975 годзе яна склала 300 мільёнаў.

Цяпер паводле ААН кожны дзясяты жыхар сьвету мае ўрозст 60 і болей гадоў. Гэта тая ўмоўная мяжа, за якой пачынаецца пэнсійны ўзрост, а разам з тым і біялягічная старасьць. Паводле прагнозаў у 2050 годзе кожны пяты чалавек будзе ў пэнсійным узросьце, а яшчэ праз 100 гадоў старыя людзі будуць скаладаць траціну ўсяго насельніцтва сьвету.

З мэдычнага пункту гледжаньня можна палепшыць якасьць жыцьця, можна запаволіць працэс старэньня і адтэрмінаваць сьмерць, аднак вядома, што гэта непазьбежны працэс. Посьпехі мэдыцыны ў гэтым кірунку папросту неверагодныя, аднак паводле дадзеных Амэрыканскай акадэміі мэдыцыны супраць старэньня, калі нават перамагчы ўсе хваробы, якія зьяўляюцца асноўнай прычынай сьмерці людзей, то працяг жыцьця не павялічыцца болей, як на 15-20 гадоў.

Паводле спэцыялістаў генэтычна чалавеку адмерана пражыць ня болей 120 гадоў. У пачатку мінулага стагодзьдзя, людзі ў асноўным паміралі на хваробы, якія былі наступствам інфэкцыяў і нізкім узроўнем санітарыі. Сто гадоў таму сярэдняя працягласьць жыцьця ў Амэрыцы складала трохі болей за 47 гадоў. Аднак у 1997 годзе асноўнай прычынай сьмерці стаўся рак ды сардэчна-сасудзістыя хваробы.

Працягласьць жыцьця павялічылася да 74 гадоў у мужчынаў, і 79 у жанчынаў. Паводле прагнозаў Дэпартамэнту Аховы Здароўя, дзякуючы геннай тэрапіі, трансплянтацыі частак цела ды іншым дасягненьням мэдыцыны, у 2050 годзе працягласць жыцьця ў сярэднім павялічыцца яшчэ на 5 гадоў.

У адрозьненьне ад ЗША працягласьць жыцьця ў краінах былога Савецкага Саюзу за апошнія 10 гадоў скарацілася. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледваньня, праведзенага ў 8 краінах СНД аўстрыйскім інстытутам на чале з Бэрнгардам Фэльдэрэрам.

Аказалася, што сярэдняя працягласьць жыцьця найніжэйшая ў Расеі: 65 гадоў. Мужчыны жывуць у сярэднім 58 гадоў, а жанчыны – 72. Для параўнаньня, армяне жывуць у сярэднім 70 гадоў, латышы і эстонцы – па 64 гады.

Як вынікае з дасьледваньня, трансфармацыйныя працэсы найбольш нэгатыўна адбіліся на мужчынскай частцы насельніцтва. У прыватнасьці цяпер беларускія мужчыны паміраюць, не дасягнуўшы 60 гадоў і ў сярэднім жывуць прыкладна на 12 гадоў менш за жанчын.

Асноўная прычыны гэта, таксама як і ў іншых краінах СНД, эканамічныя цяжкасьці, кепскі стан аховы здароўя, а таксама курэньне і п’янства. Гэта пры тым, што ў Беларусі, толькі 5% гарамадзянаў скардзяцца на праблемы з атрыманьнем мэдычнай дапамогі. Для параўнаньня ў Аўстрыі сярэдняя працягласьць жыцьця мужчынскага насельніцтва складае 76 гадоў, а жаночага — 82.

Працягласьць жыцьця непасрэдна зьвязаная з пэнсійным забясьпячэньнем. Ужо цяпер на 10 мільёнаў жыхароў Беларусі, 2,5 мільёна – пэнсіянэры. У пэнсійным узросьце кожны пяты жыхар гораду, і кожны трэці – вясковец. Каля 100 тысячаў паджылых людзей жывуць самотна, без дапамогі і падтрымкі з боку блізкіх.

Спэцыялісты прадбачваюць, што да 2050 году 40% беларусаў дасягнуць 60-гадовага ўзросту. У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам пэнсійны ўзрост для мужчынаў складае 60 гадоў, а для жанчынаў – 55 гадоў. Аднак зараз з эканамічных меркаваньняў Міністэрства працы і сацыяльнай апекі выступіла з прапановай, каб кожныя тры месяцы пэнсійны ўзрост адтэрміноўваўся на 3 месяцы, пакуль не складзе 62,5 гады для мужчынаў, і 60 для жанчынаў.

Для параўнаньня, у Расеі і ва Ўкраіне, пэнсійны ўзрост такі ж, як і ў Беларусі. У трох іншых суседзяў Беларусі гэты ўзрост вышэй: паляк йдзе на працоўную пэнсыю ў 65 гадоў, полька – у 60, у Літве-адпаведна, гэта 62 і 58 гадоў, а ў Латвіі – 61 з паловай, і 58 з паловай.

Экспэрты лічаць, што старэньне грамадзтваў у найбольшай ступені закране разьвітыя, заходнія краіны, аднак у большай ступені Эўропу, чым Злучаныя Штаты. Урады шэрагу краінаў чакаюць вялізныя выдаткі на пэнсійнае забясьпячэньне, на ахову здароўя, на шпіталі і санаторыі. Адначасова, непрадукцыйная частка насельніцтва будзе павялічвацца, і на аднаго пэнсіянэра будзе прыпадаць толькі адзін працаздольны чалавек.

Такім чынам, Міжнародны дзень старых людзей, мае ўсе шанцы стаць далёка ня самым маргінальным сьвятам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG