Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНСКІМ РЫНКУ “ТРАКТАР” СПРАБАВАЛІ ЗЬЛІКВІДАВАЦЬ БОКСЫ ДРОБНЫХ ГАНДЛЯРОЎ


Юлія Шарова, Менск

Калі актывісты “Пэрспэктывы” прыехалі на рынак “Трактар”, да даху аднаго з боксаў прачыпілі тросы і пачалі яго ўздымаць кранам — нягледзячы на тое, што ў боксе заставаліся тавары і сама іхная гаспадыня. Падстава, з гледзішча адміністрацыі рынку, пераканаўчая: суседнія боксы, якія належаць адміністрацыі рынку, трэба прыбраць. А гэты, прыватны бокс, перашкаджае, таму яго й хочуць прыбраць. Праўда, вярнуць яго на месца ніхто не абяцае.

(Прадпрымальніца: ) “Калі мой дом хочуць зьнішчыць, то суседняга не чапаюць. Мы не дазволім нават узьняць гэты бокс. А той разьбірайце, калі ён адміністрацыі належыць, ды вывозьце. Як хочаце”.

Фармальна рынку “Трактар” ад сёньняшняга дня не існуе. Фірма “Боліс”, якой рынак належаў, скасавала дамову пра арэнду зямлі з Рэспубліканскім інстытутам прафэсійна-тэхнічнай адукацыі — ён у сваю чаргу арандуе гэтую зямлю ў Менгарвыканкаму. Цяпер боксы й шапікі, што стаяць ля стадыёну “Трактар”, трэба прыбіраць. Гэта й даводзіў прысутным гандлярам генэральны дырэктар фірмы “Боліс” Валер Моніч.

(Моніч: ) “У нас скасаваная дамова. То бок, мы знаходзімся на чужой тэрыторыі. На тэрыторыі землеўладальніка, якім зьяўляецца РІПА. Мы незаконна знаходзімся на гэтай тэрыторыі”.

Аднак уладальнікам боксаў, як заўсёды, нічога на замену не прапанавалі — папросту паставілі перад фактам, што трэба сыходзіць. Прадпрымальнікі з гэтым ня згодныя і не зьбіраюцца пакідаць абжытае месца да тае пары, пакуль ім не дадуць іншага месца для гандлю. Дарагія гандлёвыя пляцоўкі іх не цікавяць.

(Прадпрымальніца: ) “Нам прапануюць месцы, кажуць у “Паркінг” ідзіце. Але нам тады трэба мяняць ліцэнзію. Мы не буйныя прадпрымальнікі, мы дробныя. У мяне напісана: гандаль на рынках. Усё. Толькі рынак мне нідзе не даюць”.

Размова з Валерам Монічам у прадпрымальнікаў выйшла эмацыйная. Яны заявілі, што прынцыпова не пакінуць рынак, пакуль гарадзкія ўлады ня пойдуць ім насустрач.

(Прадпрымальніца: ) “Мы наладзім стасункі”.

(Моніч: ) “З кім?”

(Прадпрымальніца: ) “З горадам”.

(Моніч: ) “І наладжвайце”.

(Прадпрымальніца: ) “Мы гэта й будзем рабіць, але не чапайце нашых боксаў”.

(Моніч: ) “На якой падставе вы будзеце гандляваць?”

(Прадпрымальніца: ) “А на якой падставе нас пазбавілі працоўных месцаў?”

Нарэшце тросы ад боксу адчапілі — гандлёвы пункт удалося адваяваць.

(Жанчына выгуквае: ) “Кран адчапілі!”

Зрэшты, няма ніякай гарантыі, што адміністрацыя рынку неўзабаве не прыгоніць туды ўздымныя краны ці бульдозэры. На ўсялякі выпадак прадпрымальнікі з рынку “Трактар” наладзілі кругласутачнае дзяжурства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG