Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ПРАЦЯГВАЕ СУДЗІЦЦА З “БДГ”


Ганна Соусь, Менск

Кіраўнік сьледчай групы, якая дасьледавала справу рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту Юрыя Бандажэўскага, Вячаслаў Цераховіч патрабуе ад прадпрыемства “Марат” — выдаўца “БДГ” — 9 мільёнаў рублёў, а з карэспандэнткі газэты Ірыны Макавецкай — 1 мільён рублёў. Ён лічыць непраўдзівымі зьвесткі з шэрагу публікацыяў Ірыны Макавецкай, і патрабуе, каб газэта надрукавала абвяржэньне. Гэты судовы працэс цягнецца ўжо больш за год. І сёньня быў апошні дзень судовага разьбіральніцтва. Ірына Макавецкая не прызнае выстаўленых абвінавачаньняў. Яна спадзяецца на аб’ектыўны прысуд.

Адметна, што сьледчы Цераховіч выступае ў судзе як прыватная асоба. Прадстаўніком Ірыны Макавецкай на судовым працэсе выступае намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Я запыталася ў яго, ці ня бачыць ён пэўнай заканамернасьці ў судовых працэсах супраць карэспандэнтаў незалежных мэдыяў у апошні час?

(Бастунец: ) “Я ўсё ж ня ставіў бы гэты працэс у шэраг іншых судовых справаў. Мне падаецца, што на самой справе Цераховіч абараняе свае ўласныя інтарэсы, што за ім не стаіць пракуратура ці нейкі іншы орган, які ажыцьцяўляе такім чынам ціск на незалежныя выданьні. Іншае пытаньне пра тое, у якім прававым полі існуюць цяпер сродкі масавай інфармацыі? Ці ўспрымаецца свабода слова як каштоўнасьць? Ці існуе ў нас такі тэрмін як “публічная фігура”? Гэта ўжо іншыя пытаньні, якія паўстаюць у дадзеным судовым працэсе”.

Абвяшчэньне судовага прысуду адбудзецца раніцай 1 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG