Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАНДАЛ У АДМІНІСТРАЦЫІ БУША


Аляксей Знаткевіч, Прага

Гэтая гісторыя ўпершыню стала вядомая яшчэ ўлетку, але толькі цяпер яна зрабілася сапраўдным скандалам.

У ліпені кансэрватыўны палітычны аглядальнік Робэрт Новак выступіў з крытыкай былога амэрыканскага дыплямата Джозэфа Ўілсана. Менавіта Ўілсан абвяргаў цьверджаньні адміністрацыі Джорджа Буша, што Ірак нібыта закупаў у Афрыцы ўран для ядзернай зброі.

У сваім артыкуле Новак, сярод іншага, паведаміў, што жонка Ўілсана, Вэлеры Плэйм, – агентка ЦРУ, якая займаецца зброяй масавага зьнішчэньня. Пры гэтым Новак спаслаўся на чыноўнікаў у адміністрацыі Буша. Гэта дало падставу апанэнтам Буша казаць, што адміністрацыя скарыстала сакрэтную інфармацыю, каб адпомсціць Уілсану – аднаму з галоўных крытыкаў вайны ў Іраку.

Агалошваньне імёнаў сакрэтных агентаў, паводле амэрыканскіх законаў, – сур’ёзнае злачынства. Вось што заявіў сэнатар ад партыі Дэмакратаў Чарльз Шумэр:

(Шумэр: ) “Гэты выпадак – адзін з найбольш агідных і брыдкіх, з таго што я бачыў за больш чым 20 гадоў у Вашынгтоне. І ён паказвае наколькі далёка некаторыя гатовыя ісьці, каб заглушыць галасы нязгодных”.

Дэмакраты, якія цяпер у апазыцыі, кажуць, што артыкул Новака мог паставіць пад пагрозу жыцьцё ня толькі ўласна агенткі, але і людзей, ад якіх яна атрымлівала інфармацыю за мяжой.

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад дэмакратаў – Говард Дын і Ўэсьлі Кларк – запатрабавалі незалежнага расьледаваньня. Яны кажуць, што генэральны пракурор ЗША Джон Эшкрафт занадта зьвязаны з адміністрацыяй, каб забясьпечыць такое расьледаваньне.

Прэсавы сакратар Белага Дому Скот Маклелан назваў неабгрунтаванымі цьверджаньні, што крыніцай сакрэтнай інфармацыі быў дарадца прэзыдэнта Буша Карл Роўв.

(Маклелан: ) “Я вельмі ясна заявіў, што калі нешта такое здарылася, прэзыдэнт лічыць неабходным, каб пракуратура правяла вельмі дэталёвае расьледаваньне. Працёк сакрэтнай інфармацыі, асабліва гэткага характару, – гэта вельмі сур’ёзна”.

Прэсавы сакратар Белага Дому аднак заявіў, што ня бачыць неабходнасьці ў спэцыяльным расьледаваньні па-за пракуратурай – кшталту таго, што праводзілася ў 1999 годзе ў справе Монікі Луінскі і прэзыдэнта Біла Клінтана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG