Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЎВОДЗЯЦЬ РЭЖЫМ ЭКАНОМІІ З ПРЫЧЫНЫ ВЕРАГОДНАГА ПАДВЫШЭНЬНЯ ЦАНЫ НА ГАЗ


Валер Каліноўскі, Менск

Адным зь першых распараджэньне на гэты конт даў старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў. Ён загадаў на апошнім паседжаньні выканкаму сваім намесьнікам і кіраўнікам адпаведных сталічных службаў выпрацаваць і зацьвердзіць схему энэргазьберагальных захадаў па кожным аб’екце, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасьці. Гэты загад зьвязваецца зь меркаваным падвышэньнем кошту на расейскі газ.

“Трэба рыхтавацца да таго, што плаціць за блакітнае паліва ў выніку давядзецца паводле міжнародных коштаў”, — заявіў менскі кіраўнік. Усеагульная эканомія цяпла павінна дапамагчы адаптавацца да новых эканамічных рэаліяў, — паведамляюць у Менскім гарвыканакаме. Гаворыць супрацоўніца гарвыканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Трэба і вокны заклеіць, і пад’езды ўцяпліць, дзьверы ў пад’ездах, зрабіць усё, што толькі можна, каб захаваць цяпло, тут нічога іншага ня маецца на ўвазе — каб меней выдаткоўваць энэргіі. Як у кожным горадзе, усё павінна быць зачынена, шыбы ўстаўленыя. А як жа!”

Кіраўнічка прэсавай службы Менгарвыканкаму Алена Аўрынская паведаміла, што горад цяпер нарыхтоўвае дадатковыя запасы мазуту на зіму, каб не было халодна.

(Аўрынская: ) “Па-першае, залежаць ад Бога надвор’е і тэмпэратура, якая будзе стаяць за акном. Калі там будзе 34–35 градусаў, то будзе халодна, як бы мы ні палілі, як гэта было ў 1975 годзе, калі людзей перасялілі ў гатэлі, бо пазамярзалі трубы. Па-другое, залежыць ад таго, як мы ўцеплім свае кватэры. Па-трэцяе, будзе залежаць ад таго, як Расея нам прадыктуе цэны на газ, і калі яна прадыктуе завоблачныя кошты, што мы ня зможам заплаціць, то можа й будзе больш халодна. Але пакуль што нарыхтаваныя рэзэрвавыя аб’ёмы мазуту, і я лічу што не павінна быць халодна”, — зазначыла прадстаўніца Менскага гарвыканкаму Алена Аўрынская.

Спадарыня Аўрынская кажа, што ў цэлым да будучай зімоўкі ў гарвыканкаме ставяцца спакойна, як і ў папярэднія гады.

Рыхтуюцца да новых коштаў на газ і на буйных прадпрыемствах Беларусі. Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара ў справе фінансаў і рэалізацыі ААТ “Гомельшкло” Ўладзімер Башарымаў:

(Башарымаў: ) “Мы пралічваем гэта. Будзе цяжка, будзе вельмі цяжка, але ўлічваючы пэўныя нюансы, тое, што мы разЬлічваемся нЯ толькі за бягучае энэргаспажываньне, але і са старымі даўгамі, і іхная выплата падыходзіць да канца, таму мяркую, што будзе цяжка, але не сьмяротна для нас”.

Спадары Башарымаў паведаміў, што ўжо цяпер ягонае прадпрыемства плаціць за газ 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, пры гэтым спажываньне газу тут вялікае. Было б лягчэй перажыць пэрыяд адаптацыі да новых коштаў на газ, калі б атрымальнікі прадукцыі “Гомельшкла”, перш за ўсё прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, своечасова разьлічваліся, бо дэбіторская запазычанасьць складае каля мільёна даляраў — гэта больш, чым двухмесячная аплата прадпрыемства за газ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG