Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАМОЎНЫ АДАМ МІЦКЕВІЧ


Валянціна Аксак, Менск

Па-першае, новы том “Беларускага кнігазбору”, які са словаў ягоных заснавальнікаў ды выдаўцоў, будзе мець больш за 200 тамоў, пазначае пэўную сур’ёзную мяжу гэтых намераў. Гэта ўжо дваццаць пятая “кнігазбораўская” кніга, якою выдавецтва дасягнула першага юбілею ў сваіх доўгатэрміновых плянах.

Па-другое, зьмешчаныя ў томе творы народжанага на Наваградчыне клясыка сусьветнай літаратуры Адама Міцкевіча вяртаюць аўтару ягоную спадчынную беларускую прапіску. Упершыню пад аднэю вокладкаю выдадзены самы поўны збор твораў геніяльнага наваградца, перакладзеных на мову, якая гучала ў паэтавым маленстве і юнацтве з вуснаў ягоных землякоў. І песьні, паданьні, казкі, гісторыя якіх сталіся асноўным зьместам усяе творчасьці паэта, якога дагэтуль беларусы не наважваліся на поўны голас назваць сваім. Як ні дзіўна, зрабіць гэта нарэшце “кнігазбораўцам” дапамаглі палякі, якія адназначна называць Адама Міцкевіча польскім паэтам.

Некаторыя польскія міцкевічазнаўцы яшчэ пры жыцьці паэта, не заўсёды разумеючы густа насычаную беларусізмамі мову яго твораў, заяўлялі: “Вы для Літвы, а не для Кароны пішаце… менш дбаеце пра тое, ці вас у Варшаве будуць разумець, абы ў Вільні ды ў Літве вас разумелі”. Што дарэчы, было праўдай. Адам Міцкевіч ніколі ня тое, што ня жыў у этнічнай Польшчы, а нават і ў Варшаве ня быў.

Тыя некалькі месяцаў знаходжаньня пры канцы Лістападаўскага антырасейскага паўстаньня 1830–31 гадоў у маёнтку аднаго познаньскага пана на самай мяжы зь Нямеччынай нічога не мянялі. Этнічнай Польшчы Міцкевіч ня ведаў і ўсе вобразы, усе жыцьцёвыя рэаліі браў на сваёй беларускай зямлі. Што бліскуча паказвае ў грунтоўнай прадмове да выданьня літаратуразнаўца і кіраўнік “Беларускага кнігазбору” Кастусь Цвірка, напрыканцы цытуючы самога паэта пра месцажыхарства ягонай музы:

Бо ад Панарскіх гор і ковеньскіх нябёс
Далей за Прыпяць люд імя маё панёс.
Чытае дружна Менск, Наваградак мяне,
Мой верш перапісаць юнак не праміне…

Што ж да згаданай польскае дапамогі, то маюцца на ўвазе польскія фундацыі, якія паспрыялі выданьню гэтае кнігі. Дарэчы, яна выйшла з друку напярэдадні яшчэ аднае знакавае падзеі ў гісторыі вяртаньня Адама Міцкевіча на радзіму і якая мае быць таксама пры самым непасрэдным удзеле польскага боку: 4 кастрычніка ў Менску будзе адчынены помнік вялікаму наваградцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG