Ледзь ня ўсе свае правінцыйныя гатэлі беларусы пабудавалі за савецкім часам. Гады незалежнасьці не зьмянілі ані іхнага вонкавага выгляду, ані ўзроўню абслугоўваньня. Гэта — сапраўдная паласа перашкодаў, і жыцьцё тут — адна суцэльная прыгода.
Ня кожны горад мае такую мясцовую адметнасьць як гатэль. У Камянцы яго зачынілі, а будынак заняла раённая падатковая інспэцыя. У Глуску на ўваходзе ў гатэль вісіць вялікая шыльда “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Раней тут на першым паверсе месьцілася крама пахавальнага рыштунку. Тады ў вітрыне стаяла самая натуральная труна. Фірма хутка зьехала, і сымбаль свайго бізнэсу прыхапіла з сабою.
Заходжу ў гатэль. Плякаты на сьценах засьцерагаюць ад СНІДу. Зазначу, што самы беларускамоўны гатэль — у Глыбокім. Тут вам у прайскуранце і “напернікі”, і “падкоўдранікі”.Самым жа непісьменным падаецца жлобінскі, дзе назву краіны дагэтуль пішуць па-савецку — “Белоруссия”.
“Ах, дык вы яшчэ і журналіст!” — ажывілася адміністратарка гатэлю ў Ваўкавыску, як толькі прачытала рэгістрацыйную картку.
“Я вас пасялю ў стары корпус. Ён у аварыйным стане. Вы пра гэта напішаце, наверсе там прачытаюць і выдаткуюць нам грошы на капітальны рамонт”.
Пераканаць кабету ня зьдзекавацца зь мяне гэтак каштавала вялікіх намаганьняў. Урэшце, далі пакой у новым будынку: эўрарамонт, на вокнах — шклопакеты і жалюзі.
У беларускім гатэлі браня нумару яшчэ нічога не гарантуе. У Жыткавічах я зарэзэрваваў аднамясцовы апартамэнт. А калі зьявіўся, мне прапанавалі ложак у нумары на чатырох чалавек у кампаніі нецьвярозых будаўнікоў. Напамін абурыў адміністратарку: “Замаўлялі вы пазаўчора, а прыехалі толькі сёньня. Я што, цэлыя суткі нікога ў пакой сяліць ня буду?”
Аказваецца, “люксы” і “паўлюксы” — гэта нацыянальны рэсурс беларусаў, тое, што можна назваць вайсковым тэрмінам “недатыкальны запас”. Пакоі гэтыя разьлічаныя на камандаваных чыноўнікаў. Засяляюць сюды толькі з дазволу мясцовых вэртыкальнікаў. Я, вядома, магу патэлефанаваць у райвыканкам. Але прасьцей падкупіць адміністратарку чакалядкай ці пушкай цукерак. Яна пусьціць мяне ў патрэбны нумар. І зазначыць: “Раблю гэта на свае страх і рызыку”. А я супакою спадарыню шчыраю клятваю: як толькі на даляглядзе зьявіцца які-небудзь высокі госьць, я імгненна пакіну люкс.
У Клецку калідоры гатэлю ўсланыя чырвонымі дыванамі. У Хойніках сьцены размаляваныя пэйзажамі. А сапраўдны візуальны экстрым падсьцерагае ў Чэрыкаве. Тут голыя бэтонныя сьцены. Ёсьць падазрэньне, што будоўля ня скончаная і мяне засялілі перад афіцыйныма адкрыцьцём.
Пра пахі скажу толькі адно: гатэль у старажытным Тураве месьціцца ў колішнім памяшканьні шпіталю. Ні рамонт, ні час спэцыфічнага водару так і ня вытравілі.
Дзьверы нумару ў Івацэвічах. На адзін ключ, што ў маіх руках, прыпадае два замкі. Экспэрымэнтальным шляхам высьвятляецца, што адзін зь іх не працуе. Заходжу і раскладаю рэчы.
Прыняць душ — проста задавальненьне. Але беларусы аднойчы вырашылі, што ў гатэлях дастаткова будзе халоднай вады. Ужо згаданы Ваўкавыск быў прыемны якраз вадою гарачаю. Там, праўда, я сутыкнуўся зь іншай анамаліяй — дзіравая ванна.
Пасьля халоднага душу я абатруся шэра-зялёным ручніком з Паставаў, лягу на сырую “кобрыньскую” прасьціну й накрыюся дзіраваю коўдраю ў Янаве. Але спакойна паспаць не атрымаецца. Гатэлі ў беларусаў яшчэ й гучаць. У Рудабелцы я пачую, што робяць суседзі ў сваёй прыбіральні. А ў Іўі з-за сьцяны да мяне данясуцца нават гукі з чужога ложку. Люты, халодныя батарэі, шыбы пакрыліся ільдом. Вось беларусы і грэюцца, хто як можа й хто з кім можа.
На сьвітаньні ўсё сьціхне. Але раптам з радыёкропкі загучыць знаёмы матыў: “Мы, беларусы, мірныя людзі”. У Валожыне дынамік цэлы дзень можа маўчаць паводле свайго ўласнага жаданьня, але раніцою ён абавязкова прачнецца сам і пабудзіць мяне. Роўна а шостай гадзіне. Я яшчэ доўга буду спрабаваць заснуць пад гукі статку кароваў, якіх гоняць на пашу вуліцамі Дрыбіна. Прачнуся канчаткова. Памыцца не атрымаецца, бо ў Мар’інай Горцы адключылі ваду.
Рэстарацыя ў Бярэзіне да 11-й не адчыніцца, а страўнік падае адпаведныя сыгналы на дзьве гадзіны раней. Не магу прыгатаваць каву, бо карыстацца кіпяцільнікам з гатэлях забаронена. Застаецца толькі зрабіць канапку й запіць яе мінэралкай.
Час высяляцца. Дзяжурная адміністратарка ў Слаўгарадзе абавязкова прыйдзе праверыць пакой. Спадарыня на некалькі хвілінаў пераўтвараецца ў дэтэктыва. А я ў думках шукаю адказу на пытаньне: што гэта за зьява — гатэлі, якія ёсьць у беларусаў? Яны спрэс называюцца “гасьцініцамі”. Ды толькі госьці стараюцца тут не затрымлівацца і выпраўляюцца далей у дарогу па вялікіх гасьцінцах...
Тым часам кабета пералічыла коўдры, ручнікі й вешалкі ў шафе, нават зазірнула ў прыбіральню, каб пераканацца, што я ня скраў унітаз. Ужо ля стойкі яна вяртае пашпарт, які ўвесь гэты час быў закладнікам, гарантаваў, што я ня зьеду па-ангельску.
У Ігумене на разьвітаньне кельнэрка ўсё ж усьміхнецца і скажа “Добрай дарогі!”
Па Беларусі варта павандраваць толькі дзеля таго, каб адчуць непаўторныя гукі, пахі й смакі тутэйшых гатэляў. Як узьнікне жаданьне пажыць у іх, прыяжджайце. Вам тут будуць радыя заўсёды.