Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАЕХАЎ У МАСКВУ НА ХАКЕЙ, КАНЦЭРТ І ПРЫЁМ, АЛЕ СУСТРЭНЕЦЦА З ПУЦІНЫМ


Юры Сьвірко, Менск

У гэты панядзелак Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у сталіцу Расеі, каб узяць удзел у Днях Беларусі ў Маскве. У першы дзень візыту гэты ўдзел абмежаваўся гульнёй у хакей. У комплексе “Лужнікі”, на малой спартовай арэне адбыўся матч паміж камандамі прэзыдэнта Беларусі ды ўраду Масквы. Як паведамілі мне ў “Лужніках”, уваход на гэты матч быў вольны, зь пяці тысяч месцаў былі занятыя чатыры тысячы.

У перададзенай сродкам масавай інфармацыі праграме візыту не было ніводнай сустрэчы з расейскім чыноўнікам фэдэральнага ўзроўню. І толькі ўвечары ў панядзелак са спасылкай на прэсавую сакратарку Аляксандра Лукашэнкі агенцтва БелТА паведаміла, што ў аўторак адбудзецца сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. “Чакаецца, што падчас сустрэчы будуць абмеркаваныя актуальныя пытаньні двухбаковага ўзаемадзеяньня ды саюзнага будаўніцтва”, — перадае БелТА.

Паводле зьвестак зь беларускай дэлегацыі, дамаўляліся пра гэтую сустрэчу Лукашэнкі й Пуціна вельмі доўга. Для прэсавай службы Крамля паведамленьне пра яе сталася поўнай нечаканасьцю. Пасьля высьвятленьня сытуацыі зьдзіўленая дзяжурная прэсавай службы прэзыдэнта Расеі сказала:

(Дзяжурная: ) “Так, мы пацьвярджаем, што будзе заўтра сустрэча”.

Пра тэмы і час перамоваў яна нічога ня ведала, зазначыўшы, што Крэмль паведамляе пра сустрэчы Ўладзімера Пуціна толькі пасьля таго, як яны адбыліся.

Акрамя перамоваў з расейскім лідэрам, у аўторак Аляксандар Лукашэнка наведае цэнтар дробнааптовага гандлю на Ленінградзкай шашы, дзе пазнаёміцца з працай гіпэрмаркету сеткі “Мэтро”, а таксама 2-кілямэтровы аўтадарожны тунэль “Лефортава” на трэцім транспартным кальцы Масквы, пасьля чаго будзе прысутнічаць на галя-канцэрце беларускіх майстроў мастацтва ў канцэртнай залі “Расея”. Двухдзённы маскоўскі візыт скончыцца ўрачыстым прыёмам ад імя Аляксандра Лукашэнкі й мэра Масквы Юрыя Лужкова.

У мінулы раз дні культуры Беларусі ў Маскве праходзілі ў студзені 2001 году. Тады Аляксандар Лукашэнка таксама гуляў у хакей, але ж і сустракаўся з кіраўніком Цэнтральнага банку ды прэм’ер-міністрам Расеі. Адбыліся перамовы і з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, пасьля чаго абодва — і Пуцін, і Лукашэнка — разам накіраваліся ў маскоўскі Вялікі тэатар.

Цікава, што на мінулым тыдні — з 22 да 26 верасьня — у Маскве праходзілі Дні культуры Кыргыскай Рэспублікі, і адкрывалі іх прэзыдэнт Кыргыстану Аскар Акаеў разам са сваім расейскім калегам Уладзімерам Пуціным. На беларускія дні спадар Пуцін часу не знайшоў. І ягоную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам праанансавалі ў самы апошні момант, калі беларускі кіраўнік ужо быў у Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG