Я стаю на вуліцы Васіля Быкава. Перада мной некалькі досыць прыстойных катэджаў. Усе яны яшчэ не збудаваныя да канца. Гэта ўскраек вёскі Ждановічы, але мяркуецца, што празь пекалькі гадоў гэта будзе вельмі прыстойны катэджны раён.
(Маскалёў: ) “Можа быць, і ў наступным годзе там будуць жыць людзі. Там дамы рознай ступені гатовасьці”, — кажа старшыня Ждановіцкага сельсавету Валеры Маскалёў.
І хаця дэ-юрэ вуліца яшчэ ня мае жыхароў, фармальна яна ўжо носіць імя Васіля Быкава. Тлумачыць Валеры Маскалёў:
(Маскалёў: ) “Фармальна мы рашэньне прынялі: вуліца Васіля Быкава. У раёне новай застройкі назваць імем гэтага чалавека”.
Ці магчыма адмяніць рашэньне Ждановіцкага сельсавету? Тлумачыць дэпутат ад Партыі БНФ Юрась Зянковіч:
(Зянковіч: ) “Рашэньне сельскага савету згодна з нашым заканадаўствам можа адмяніць альбо сам сельскі савет, альбо ў выпадку парушэньня заканадаўства, савет, які стаіць вышэй. Але рашэньне пра наданьне вуліцы імя Васіля Быкава прынятае цалкам у межах кампэтэнцыі сельскага савету, і адмяніць яго можа толькі сам савет”.
Юрась Зянковіч — ініцыятар ушанаваньня памяці Васіля Быкава ў назьве вуліцы. Праўда, спадар Зянковіч прапанаваў сваім калегам-дэпутатам перайменаваць вуліцу Камуністычную, якая месьціцца ў цэнтры Ждановічаў. Дэпутат ад БНФ нават сабраў подпісы жыхароў Камуністычнай. Але дэпутаты пайшлі на кампрамісны варыянт, спаслаўшыся на недахоп сродкаў на перайменаваньне. Кажа Юрась Зянковіч:
(Зянковіч: ) “Магчыма, гэта ня горшае выйсьце з сытуацыі, бо вуліца Камуністычная выглядае не найлепшым чынам. А вуліца Васіля Быкава — гэта вуліца, дзе жывуць багатыя людзі, якія ў дастаткова хуткім часе прывядуць яе ў нармалёвы эўрапейскі выгляд”.
Як толькі першыя жыхары аформяць сваю прапіску на новай вуліцы, адразу ж зьявіцца першая вулічная шыльда зь імем Васіля Быкава.