Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭСІЯ ПАРЭ: ЦІ АТРЫМАЕ БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД СТАТУС АДМЫСЛОВА ЗАПРОШАНАГА?

Ул. інф.

Паводле спадара Раманчука заўтра бюро Асамблеі будзе разглядаць прапанову аб вяртаньні нацыянальнаму сходу Беларусі статусу адмыслова запрошанага – таго статусу, якога беларускі парлямант быў пазбаўлены ў 1997 годзе пасьля канстытукцыйнага рэфэрэндуму.

(Раманчук: ) “Заўтра мае адбыцца паседжаньне падкамітэту па Беларусі палітычнага камітэту, які будзе разглядаць мэмарандум спадара Горыса, які ён сёньня распаўсюдзіў сярод сябраў Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы.

У гэтым мэмарандуме спадар Горыс настойвае на тым, каб ужо ў часе гэтай сэсіі Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанага. Але гэта толькі пункт гледжаньня спадара Горыса. Я спаткаўся зь вельмі многімі сябрамі асамблеі Рады Эўропы. І гэты ягоны пункт гледжаньня большасьцю сябраў асамблеі не падтрымліваецца, ані сярод сябраў палітычнага камітэту, ані розных іншых палітычных групаў.

Стэфан Горыс – гэта дакладчык палітычнага камітэту ў пытаньнях Беларусі. Ён быў у Беларусі як прадстаўнік дэлегацыі Рады Эўропы. І ён кажа, што калі гэты статус будзе нададзены празь бюро Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы, то Рада Эўропы атрымае вельмі магутны інструмэнт уплыву на афіцыйны Менск, каб ён да канца году да парлямэнцкіх выбараў змог дапасаваць і заканадаўства, і закон аб выбарах да стандартаў Рады Эўропы, таксама стварыў бы такую атмасфэру ў нашай краіне, якая зрабіла бы магчымым правядзеньне дэмакратычных, свабодных выбараў.

Такім чынам ён прапануе не глядзець на тое, што на працягу апошніх 8 месяцаў значна пагоршылася сытуацыя і з свабодай слова, і з правамі чалавека, і з свабодай палітычных партыяў ды прафсаюзаў у Беларусі, ды ўсё адно даць авансам гэты статус.

Бо яму здаецца, што калі афіцыйны Менск ня будзе нічога рабіць, то ня будзе праблемы ізноў скасаць гэты статус, такім чынам рабіць многа шуму і гэтым дапамагчы ўсталяваньню дэмакратыі ў Беларусі.”

Намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі дадаў, што сустракаецца з кіраўніцтвам асамблеі і лідарамі партыйных групаў, каб давесьці ім думку, што такое “авансавае” вяртаньне Беларусі статуса адмыслова запрошанай краіны можа толькі пагоршыць сытуацыю.

Палітык мяркуе, што наступ ўлады на правы мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў, які быў разгорнуты сёлета, ня мусіць “узнагароджвацца” эўрапэйскім прызнаньнем.

Падчас гэтай сэсіі Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы прайшло паседжаньне камісыі асамблеі ў справах зьніклых грамадскіх дзеячоў Беларусі. Пра тое, як яно праходзіла распавядае журналістка Ірына Халіп, якая прысутнічала на пасяджэньні.

(Халіп: ) “Ніхто з афіцыйнай беларускай дэлегацыі не прыйшоў на паседжаньне гэтай камісіі, што вельмі зьдзівіла і спадара Кавалёва, і астатніх сябраў.

Спадар Кавалёў зазначыў, што дагэтуль ня можа атрымаць запрашэньня, каб прыехаць у Беларусь. Справа ў тым, што спачатку спадар Квалаёў хацеў правесьці камісіі па зьніклых у Менску, але тады дэпутаты палаты прадстаўнікоў проста прапанавалі зрабіць бізнэс: Беларусі вяртаецца статус спэцыяльна запрошанага, і толькі пасьля гэтага камісія атрымлімвае права прыехаць у Беларусь.

Гэта нікога не задаволіла. І вось цяпер спадар Кавлёў сказаў, што пазыцыя беларускай улады ўжо даволі зразумелая і, няма сэнсу далей цягнуць работу камісіі, якая змагла сабраць дастаткова фактаў, каб зрабіць вынікі і каб падрыхтаваць справаздачу.

Спадар Кавалёў сказаў, што паводзіны беларускіх уладаў яскрава даюць зразумець, што ўлады маюць нейкае дачыненьне да гэтых зьнікненьняў.

Справаздача камісіі магчыма зьявіцца ўжо на наступнай сэсіі, 3 лістапада ў Парыжы пройдзе наступнае паседжаньне камісіі. Магчыма яно будзе апошнім і будуць падведзеныя канчатковыя вынікі. Але спадар Кавалёў мае ўсе дакумэнты, якія знаёмыя і нам з вамі: гэта справаздача Алкаева, рапарт Лапаціка, пратаколы допытаў Чванкіна, Сівакова, ды іншых. Як сьцвярджае Кавалёў, усіх гэтых дакумэнтаў дастаткова для таго, каб падсумаваць вынікі і падрыхтаваць справаздачу.”

Гэта была журналіста Ірына Халіп. На мінулым тыдні яна выступіла са справаздачай пра свабоду слова ў Беларусі на слуханьнях у Страсбуры, наладжаных лібэральнай групай Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG