Газэта "Белорусский рынок" вялікую ўвагу надае праекту новага дэкрэту пра банкруцтва прадпрыемстваў, які распрацоўвае ўрад. Аўтар артыкулу "Прысьмірэньне чужаніцы" Леанід Злотнікаў мяркуе, што галоўная мэта новага дэкрэту – адвесьці збанкрутаванае прадпрыемства ад прыватніка.
Справа ў тым, што зазвычай збанкрутаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы прадаюцца. Якім чынам дзяржава хоча забясьпечыць кантроль у справе банкруцтва? У праекеце – пазбаўленьне Гаспадарчых судоў права вырашаць лёс банкрота, і перадача права прымаць рашэньні да выканкамаў і ведамстваў.
Яшчэ адзін артыкул "Беларускага рынку" пад назвай "Кармушку неўзабаве прыкрыюць" прысьвечаны праблеме жытла, для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Сутнасьць артыкула ў тым, што праз пару гадоў дзяржаўныя субсыдыі на бясплатнае жытло значна скарацяцца.
А вось сьвежы выпуск "Белорусской газеты" працягвае тэму беларуска-расейскіх стасункаў. Гэтым разам на пытаньні карэспандэнта газэты адказвае расейскі бізнэсовец і палітык Барыс Беразоўскі. Перасьледваны ў Расеі алігарх гаворыць пра тое, што прэзыдэнт Уладзімер Пуцін хоча паглынаньня Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй. А Аляксандар Лукашэнка пры ўсіх сваіх мінусах застаецца гарантам незалежнасьці Беларусі. А яшчэ Барыс Беразоўскі заяўляе, што ведае імя наступнага расейскага прэзыдэнта".
Таксама "Белоруская газета" надае ўвагу закрыцьцю Міжнароднага гуманітарнага ўнівэрсітэту (МГУ) ў Менску. МГУ адзіная навучальная ўстанова Беларусі, дзе ёсьць катэдра юдаістыкі, выкладаецца іўрыт ды габрэйская гісторыя й культура. Паводле карэспандэнта "Беларускай газэты", частка прадстаўнікоў габрэйскае грамады ў Беларусі наўпрост зьвязваюць ціск на ўнівэрсітэт з пагаршэньнем беларуска-ізраільскіх адносінаў.
Яшчэ адну праблема, якую абмяркоўвае "Беларуская газета" – інструкцыя, якую падрыхтаваў Менгарвыканкам. Праз увядзеньне інструкцыі ў Менску можа значна скараціцца колькасьць кампутарных клюбаў. Менскія чыноўнікі хочуць забараніць кампутарныя гульні, які могуць прапагандаваць гвалт і жосткасьць. Хто будзе судзіць адпаведнасьць гульняў? Ці не парушаюцца правы грамадзянаў? На колькі сэнсоўныя захады менскіх чыноўнікаў? Праблему абмяркоўваюць прадстаўніца Менгарвыканкаму Тацяна Аўдзеева і віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі кампутарнага спорту Іван Малько.