Было анансавана, што ў якасьці музычных экспэртаў выступяць удзельнікі гурту “Беларускія песьняры”, якіх дагэтуль чыноўнікі называлі няйначай як здраднікамі беларускай эстрады і якім нават не дазволілі выступіць на канцэрце памяці Ўладзімера Мулявіна. Аднак кіраўнік “Беларускіх песьняроў” Уладзіслаў Місевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што склад “Песняроў” фактычна ўжо сфармаваны і ён да так званага кастынгу ніякага дачыненьня ня мае.
Калектываў, якія лічаць сябе прадаўжальнікамі музычных традыцыяў ансамблю “Песьняры”, на сёньня тры. Першыя, падкантрольныя Міністэрству культуры, пасьля сыходу двух дзясяткаў творчых і тэхнічных супрацоўнікаў, пачынаюць экспэрымэнтаваць з новым складам; другія — “Беларускія песьняры”, якія даўно прапісаліся ў Расеі і вяртацца на радзіму не зьбіраюцца. Нарэшце, каманда Лявона Барткевіча, якая выйшла з-пад апекі дзяржавы і сьпяшаецца зарэгістравацца ў якасьці “ВІА Песьняры імя Мулявіна”.
Міністэрства культуры на пэўны момант разгубілася ад такой колькасьці “песьняроў” і заснавала камісію, якая ад імя дзяржавы мусіць сфармаваць адзіна прымальны склад дзяржаўнага ансамблю “Песьняры”. Гаворыць міністар культуры Леанід Гуляка:
(Гуляка: ) “Зроблена шмат, каб пачынаць распрацоўваць новую канцэпцыю. Каб гэтая тэма бачылася прафэсійна, з удзелам зацікаўленых асобаў, мы стварылі экспэртную раду, у якую з задавальненьнем увайшлі Ўладзімер Ткачэнка, які колісь пачынаў працаваць з Мулявіным, славуты музыкант Аркадзь Эскін, кампазытары Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, рэктар Акадэміі музыкі Міхал Казінец і мастацкі кіраўнік Белдзяржфілярмоніі Юры Гільдзюк. Яны дапамогуць вырашыць гэтую сытуацыю”.
Апошнім да працы ў камісіі быў прыцягнуты кіраўнік “Беларускіх песьняроў” Уладзіслаў Місевіч. І гэта сталася самай вялікай нечаканасьцю, бо яшчэ зусім нядаўна Міністэрства культуры да аднадумцаў Місевіча ставілася як да здраднікаў “песьняроўскае” ідэі.
Што сталася падставай да нечаканага міру, распавядае Уладіслаў Місевіч:
(Місевіч: ) “Паміж намі мір. Пасядзелі, гарбаты папілі, вось, у прынцыпе, і ўсё. Асабіста нам надакучыла бясконцае скавытаньне за сьпіной. Калі больш выць ня будуць, то мэта дасягнутая. Але ўсё роўна мы застаемся ў Маскве. Калі будзе магчымасьць, нечым ім дапаможам, а яны нам. Нейкі сэнс у гэтым для нас ёсьць — калі ўсё будзе па праўдзе, і не пачнуцца зноў нейкія гульні. Але мяркую, што горш ужо ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні было абвешчана, што распачынаецца адбор музыкаў для “Песьняроў” пад кіраўніцтва Скаражонка. Наколькі гэта доўгатэрміновы праект?”
(Місевіч: ) “Я толькі што быў у Скаражонка. Паказалі зусім маладых хлопцаў, прынамсі, чатыры новыя твары я ўбачыў. І яны сказалі: на гэтым усё, набор скончаны. Таму можна зрабіць выснову, што сярод маладых ёсьць музыкі (бо кажуць пра жывое выкананьне) і, мабыць, вакалісты. Але асноўны набор, наколькі я зразумеў, скончаны. Зараз распачнуць працу над рэпэртуарам, прычым, новым.
Чаму так мала набралі? Ну, там жа яшчэ Скаражонак і Шарапаў. Можа, прыцягнуць кагосьці зь вядомых ужо выканаўцаў: за імі ж застаецца студыя, выдатнымі ўмовамі мы колісь іх забясьпечылі. Праўда, яна цяпер будзе дзяліцца паміж усімі калектывамі Цэнтру імя Мулявіна”.
Тым часам “Песьняры” Лявона Барткевіча, пакуль яшчэ гледачы ня надта разабраліся ў “песьняроўскіх” копіях, актыўна гастралююць па Расеі. Цяпер калектыў спрабуе зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі як “ВІА імя Мулявіна”, але супраць гэтага ўжо выступіла дачка Мулявіна Марына, якая абрала бок Скаражонка і працуе ў ягонай камандзе.