Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭПАРТАЖ СА СТАЛІЦЫ БЕЛАРУСКАГА СНІДУ


Сьвятлана Курс, Сьветлагорск

У гэтым горадзе я бываю зрэдзьчас. Тут жыве мая стрыечная сястра зь сям’ёй. Яна працуе ў мясцовай школе, любіць вадзіць гасьцей па горадзе. Сьветлагорск сапраўды выключна прыгожае месца. Праўда, ніякіх сьветлых гор тут няма. Затое проста на тэрыторыі гораду — гадавальнік дрэваў. Места засыпанае рознакалёрным лісьцем.

Марына кажа, што ў іхным горадзе — самы прыгожы помнік любові. Мы разглядаем гэтую скульптуру ля музычнай школы. Два чалавекі абвіліся адзін вакол другога й заплюшчылі вочы. “Страшна тут жыць, абдымесься, заплюшчыш вочы, а хвароба тут як тут, — кажа сястра. — Гэта пошасьць перадаецца праз самых каханых людзей — ад мужа да жонкі, ад маці нованароджанаму”.

Тамара сустрэла свайго каханага на карпаратыўнай вечарыне. Хлебазавод сьвяткаваў юбілей, на фуршэце было чалавек 300, ламіліся сталы, і ня толькі ад караваяў. Ён быў пляменьнікам галоўнай бугальтаркі, прыгожы чалавек, маладзейшы за яе гадоў на восем. Калі госьці падхмяліліся й пачалі танчыць, ён запрасіў Тамару і ўжо не адпускаў. Шапталіся, што ён нідзе падоўгу не працуе, бо мае канфліктны нораў. Але яна нікога ня слухала. Гэта было каханьне з заплюшчанмі вачыма.

(Марына: ) “Доўга яна шукала сабе шчасьця, сачыла так за сабой, нарэшце знайшла. Яму 30 гадоў, маладзейшы за яе, закахаўся быццам”.

Марына паказвае мне дом, дзе жыве Тамара. Дом як дом, двухпавярховы, на чатыры сям’і, з карычневай драўлянай вэрандаю. На Тамарыным гаўбцы тырчыць антэна, вісіць прадаўгаватая паляндвічка ў марлі. “Не глядзі доўга на яе вокны, — шыпіць сястра. — Яна здагадаецца, што я пра яе распавяла. На яе шмат хто скоса пазірае”.

Тамарын каханы пераехаў да яе жыць. Паводзіўся дзіўна: то кахае бяз памяці, то ваўкавата маўчыць цэлыя дні. То здаровы, вясёлы, а то ледзь ногі цягае. Калі б Тамара заўжды жыла ў Шацілкавічах, яна б лёгка пазнала, што муж яе — таемны наркаман. Але яна прыехала са Старых Дарогаў, дзе пра гэтую пошасьць ня ведалі.

(Марына: ) “Аказаўся наркаманам. Калі яна даведалася, то ўспрыняла гэта так: усе мы не безь недахопаў. Сапраўдны шок быў, калі выявілася, што і яна, і яе дачка хворыя на СНІД. Здаецца, усе вакол хутка будуць хворыя. Праблема стагодзьдзя. Або дактары прыдумаюць нейкі сродак, або ўсё чалавецтва вымра праз 15 гадоў”.

Потым Тамара даведалася, што яе муж — яшчэ й ВІЧ-носьбіт. Ён заразіў яе полавым шляхам, а яе дачку — праз агульны шпрыц. Айчым і падчарка, калі маці не было дома, калоліся разам. Тамара дорага заплаціла за сваё сьляпое каханьне.

Людзі ня хочуць бачыць небясьпекі, хаця ўвесь горад абклеены антысьнідавымі постэрамі. Яны на вакзалах, у цырульнях, прыбіральнях, гатэлях і на сьценах будынкаў. Аднак мінакі на іх увагі не зьвяртаюць.

29-гадовая Алена, што гандлюе півам ля вакзалу, штогоду два разы здае кроў на аналізы й СНІДу не баіцца.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы думаеце, людзі вашай узроставай групы баяцца СНІДу?”

(Алена: ) “Не, не баяцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці яны ахоўваюцца неяк?”

(Алена: ) “Не. Абыякавае стаўленьне. Кожны думае, што гэта не пра яго”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас ёсьць знаёмыя, хворыя на СНІД?”

(Алена: ) “У мяне ёсьць такія знаёмыя, яны займаюца сэксам і нават нікога не папярэджваюць, што хворыя на СНІД. Адчуваюць сябе добра фізычна і думаюць, што ў СНІДзе нічога страшнага няма. Ня хочуць у гэта верыць”.

21-гадовы Макс вучыцца ў Менску, дадому прыяжджае на вакацыі. Кажа, што паліць марыхуану, да шпрыца не датыкаецца.

(Карэспандэнтка: ) “У маладзёвым асяродку цікавяцца праблемамі СНІДу?”

(Макс: ) “У нас размоваў пра гэта няма”.

(Карэспандэнтка: ) “То бок праблема вас не датычыць?”

(Макс: ) “Так. Калі ідуць размовы, дык пра меншыя праблемы — сыфіліс, напрыклад. А пра СНІД і гаворкі няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Моладзь займаецца бясьпечным сэксам?”

(Макс: ) “Залежыць ад чалавека. Толькі ад яго і больш ні ад кога”.

Сьмяшлівая бугальтарка Тацяна страшна баіцца заразіцца:

(Тацяна, залівіста рагоча: ) “Канечне, баюся!”

(Карэспандэнтка: ) “А моладзь бясьпечна займаецца сэксам?”

(Тацяна: ) “Я неяк не цікавілася праблемай, ня ведаю”.

Юная дзяўчына паліць, хаваючыся ў завугольлі — відаць, ад бацькоў. Я чаплюся да яе:

(Карэспандэнтка: ) “Што ў маладзёвым асяродку ведаюць пра СНІД?”

(Дзяўчына: ) “Я нічога ня ведаю, хі-хі-хі!”

(Карэспандэнтка: ) “А колькі ж вам год?”

(Дзяўчына: ) “Васямнаццаць”.

Марына лічыць, што людзі на СНІД не зважаюць, пакуль бяда ня зваліцца на ўласную галаву.

(Марына: ) “Прэзэрватываў ня надзяюць, бо гэта непрыемна. Здаецца, што ў нас гэтага няма, а ёсьць у Зымбабвэ й Амэрыцы”.

Доктар Дзьмітры Падута, вядомы ў краіне экспэрт у праблемах СНІДу, у Сьветлагорск прыехаў у адзін год з пачаткам эпідэміі СНІДу.

(Падута: ) “Сем гадоў мы ўжо тут са СНІДам. Людзі прывыклі, ужо ўвагі на нас асаблівай не зьвяртаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Раней распаўсюднікамі былі шпрыцавыя наркаманы. Ці пачалося ўжо масавае заражэньне полавым шляхам?”

(Падута: ) “Гэта гады са тры таму пачалося. Дзесьці 47% заразіліся праз ін’екцыі, а астатнія — праз сэксуальныя кантакты бяз сродкаў абароны. Хаця ўжо нават дзеці ведаюць, што да чаго. Інфэкцыя пайшла ў старэйшыя ўзроставыя групы. Сярэдні ўзрост “пазытыўнага грамадзяніна” — 29 гадоў. А паспрабуйце 25-гадоваму штосьці навязаць, хоць бы той прэзэрватыў. Ён скажа: я ўсё сам ведаю, не дурыце галавы”.

У Сьветлагорску я зразумела: СНІД у спалучэньні з адмысловым беларускім фаталізмам — страшная інфэкцыя, якая пагражае эпідэміяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG