Амбасадар Грыгор’еў, здаецца, меў рацыю, калі казаў пра маштабы акцыі. Паводле зьвестак беларускай дыпляматычнай місіі ў Расеі, удзел у Днях Беларусі будзе браць каля 6 тысяч чалавек з усіх куткоў Беларусі, сюды ужо прыбылі альбо яшчэ прыбудуць сёньня-заўтра каля тысячы беларускіх грузавікоў з таварамі.
Панаехала ў расейскую сталіцу шмат рознага ўзроўню начальнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, гандляроў, прафэсійных і самадзейных артыстаў. Гэтаму маштабнаму дэсанту дадзенае заданьне накарміць Маскву беларускай прадукцыяй і зачараваць масквічоў беларускімі танцамі ды сьпевамі. Прычым ініцыятыва такога маштабнага мерапрыемства зыходзіла непасрэдна ад Аляксандра Лукашэнкі.
Відавочна, што сьвята сталася магчымым дзякуючы мэру расейскай сталіцы Юр’ю Лужкову. Лужкова і Лукашэнку зьвязваюць даўнія сувязі, і яны гэтага не хаваюць. Прычым гэтыя сувязі грунтуюцца ў тым ліку і на камэрцыйнай аснове. Паводле добра інфармаваных крыніцаў, жонка Лужкова – Алена Батурына, якая ў Маскве займаецца буйным бізнэсам, неаднойчы мела выгадныя зьдзелкі ў Беларусі. Можна не сумнявацца, што гэтыя камэрцыйныя зьдзелкі ўхваляліся на самым высокім узроўні беларускай улады. Але Лужкоў як вядома ў Расеі далёка ня першая асоба. І пакуль што шырокага розгаласу пра Дні Беларусі ў Маскве няма.
У Расеі скандал з увядзеньнем расейскага рубля ў Беларусі, канфлікт з “Газпрамам” нэгатыўна адбіўся на рэпутацыі Лукашэнкі. І таму ягоныя задумы скарыстаць Дні, каб палепшыць гэтую рэпутацыю, наўрад ці спраўдзяцца. Міхаіл Марыніч, напрыклад, мяркуе, што маскоўскае шоу дорага абыйдзецца беларускім падаткаплацельшчыкам.