Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 26 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная зьмена”, 1933 год. Рубрыка “З судовай камэдыі ў Ляйпцыгу” друкуе заяву Георгія Дзімітрава на судзе:

“Калі-б вы былі невінаватыя, як і я і былі ў турме на працягу некалькіх месяцаў і былі-б удзень і ноччу закаваны ў кайданы, вы зразумелі-б, чаму я нэрвуюся”. Гэты адказ выклікаў новы пратэст старшыні. За тым друк прыводзіць мужную заяву Дзімітрава: “Я — пролетарскі рэвалюцыянэр. Я — член Цэнтральнага камітэту Балгарскай кампартыі і член выканкаму Камінтэрну і ў якасьці такога я не зьяўляюся прыхільнікам тэрору і адмаўляю які-б там ні быў свой удзел у падпале райхстагу”.

“Фемида”, 1993 год:

“Урачыстую акцыю, што адбывалася 11 верасьня ў былым Доме палітасьветы, можна цалкам уславіць. Калі за справу возьмуцца спадкаемцы традыцыяў публіцыстыкі ленінскай школы на старонках газэт кшталту “День” і “Правда” ці мясцовай “Мы и время”. Яны могуць з захапленьнем апісаць, як горда гучаў гімн БССР, якія воплескі суправаджалі фразы тыпу “гнюсная белавеская змова”, “нацыянальная катастрофа”, “Савецкі Саюз ад Берасьця да Курылаў”; як выбухалі аплядысмэнты пры зьяўленьні на трыбуне Бабурына, Стэрлігава, Буракавічуса; як пад дажджом ля ўваходу чакалі зьяўленьня сваіх куміраў прыхільнікі адзінага Саюзу. Тую ж самую сходку можна акрэсьліць шумнай тусоўкай чырвона-карычневых маскоўска-беларускага разьліву. Калі за справу возьмуцца ліхія рэпартэры з выданьняў квазідэмакратычнага толку”.

“Свабода”, 1993 год:

“Аргкамітэт Беларускай партыі свабоды накіраваў Старшыням Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу і Савету Міністраў Вячаславу Кебічу ліст, у якім падтрымаў прапанову Саўміна рэспублікі абвесьціць 23 лютага Днём беларускага войска. Аднак гэта, як вядома, не ад вялікай любові аргкамітэту БПС да савецкай арміі. Рэч у тым, што ў гэты дзень у 1944 годзе гаўляйтэр Беларусі Готбэрг падпісаў загад аб стварэньні Беларускай Краёвай Абароны. “Абвяшчэньне Днём беларускіх узброеных сілаў 23 лютага будзе актам ушанаваньня памяці тых пяцідзесяці тысячаў патрыётаў Беларусі, якія ўзялі ў рукі зброю, абараняючы сваю радзіму ад бальшавіцкага нашэсьця”, — гаворыцца ў лісьце аргкамітэту БПС”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG