Самая апошняя крымінальная справа — супраць начальніка аддзелу рэалізацыі Менскага падшыпнікавага заводу Анатоля Фроніна. Яго абвінавачваюць у хабарніцтве. Сьледзтва высьветліла, што спадар Фронін атрымаў тысячу амэрыканскіх даляраў ад камэрцыйнай фірмы, каб паскорыць адгрузку падшыпнікаў.
У поле зроку міліцыі трапілі і некалькі іншых прадпрыемстваў. Арыштаваныя дырэктар, камэрцыйны дырэктар і галоўны бугальтар прадпрыемства “Шчотка”. Іх абвінавачваюць у крадзяжы прадукцыі прадпрыемства з мэтай збыту ў Расеі.
Пракуратура Магілёўскай вобласьці расьсьледуе крымінальную справу намесьніка генэральнага дырэктара прадпрыемства “Хімвалакно”. А Менская пракуратура абвінавачвае генэральнага дырэктара прадпрыемства “Белаграсэрвіс” і ягонага намесьніка ў крадзяжы 1316 слоікаў яблычнага соку. 12 чыноўнікаў дробных прадпрыемстваў узятыя пад варту за злоўжываньні службовым становішчам.
Цягам тыдня арыштавалі трох дэпутатаў мясцовых саветаў: старшыню раённай арганізацыі спажывецкай каапэрацыі Маскоўскага раёну Менску за тое, што прадаваў нежылыя будынкі камэрцыйным фірмам па заніжаных коштах; дэпутата гарадзенскага сельсавету, які ўзначальваў аграфірму “Шчара” — за хабар 500 тысяч рублёў, а дэпутата Бярэзінскага сельсавету — за злоўжываньне службовым становішчам (ён выпісаў сьлесару паперу на атрыманьне запчастак для “МАЗуа” дзеля продажу ў Санкт-Пецярбургу).
Назіральнікі адзначаюць, што пасьля так званых гучных справаў гэтыя яднае тое, што ў іх фігуруюць даволі невялікія грашовыя сумы. Хутчэй за ўсё, пракуратура атрымала адмысловы загад наконт чыноўнікаў другога зьвяна. Магчыма, доказам таму можа быць учорашняя сустрэча генэральнага пракурора Віктара Шэймана і Аляксандра Лукашэнкі. Генэральны пракурор рапартаваў, што на гаспадарнікаў завялі каля 40 крымінальных справаў.