Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЫТАНЬНЕ ТЫДНЯ: ЯК ВЫ СТАВІЦЕСЯ ДА "НОВЫХ БЕЛАРУСАЎ"?

Ганна Соусь, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Ці даводзілася вам ў жыцьці мець справу з так званымі новымі расейцамі ці новымі беларусамі? І якія былі вашыя ўражаньні?”

(Спадар: ) “Нармальныя людзі. Умеюць зарабляць грошы”.

(Спадарыня: ) “Я сустракалася з новымі расейцамі, і многія зь іх нармальныя, інтэлігентныя людзі, простыя і ня сквапныя”.

(Спадар: ) “Даводзілася… Ёсьць культурныя, а ёсьць і бескультурныя людзі”.

(Спадарыня: ) “Сустракалася я з новымі расейцамі. Такое ўражаньне, што яны больш ганарлівыя”.

(Спадар: ) “З новымі расейцамі ў асноўным, таму што я сам з Масквы. Звычайна пра іх гавораць, што яны нячыстыя на руку. Тыя людзі, зь якімі я меў дачыненьні, гэта выключна дзелавыя людзі, якія маюць пэўныя навыкі ў гандлі, эканоміцы, яны ведаюць рынак, і таму яны па-свойму квітнеюць”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, цалкам звычайныя людзі, адукаваныя, нават большасьць зь іх з вышэйшай адукацыяй. Інтэлігентныя людзі”.

(Спадар: ) “Даводзілася сустракацца зь імі. Гэта людзі, якія маюць шмат грошай, і таму ў іх ніколі няма ніякіх праблемаў”.

(Спадарыня: ) “Не заўсёды цудоўныя. Грошы псуюць іх. Яны зусім іншыя людзі”.

(Спадар: ) “Даводзілася толькі праз СМІ. А так не даводзілася, дзякуй Богу!”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”

(Спадар: ) “Добра, што ня ведаю новых расейцаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А новых беларусаў?”

(Спадар: ) “Калі параўноўваць новых расейцаў і новых беларусаў, то гэта вялікая розьніца. Беларусы памяркоўныя, збольшага жывуць у аднаведнасьці з заканадаўствам, а расейцы, канечне, хочуць інакш”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даводзілася вам у жыцьці мець справу з так званымі новымі расейцамі ці новымі беларусамі? І якія былі вашыя ўражаньні?”

(Спадарыня: ) “Розныя былі людзі. Той чалавек, які сам усяго дасягнуў у жыцьці, зь ім было прыемна і гаварыць, і слухаць яго. А з тымі, каму ўсё давалася проста так, гэта, вядома, іншыя людзі”.

(Спадар: ) “Нічога цікавага. Яны ня вельмі адукаваныя людзі, а тыя, што адукаваныя, іх проста ня бачна, таму што яны культурна сядзяць, харчуюцца, размаўляюць, ходзяць у тэатры, у кіно і маюць пісьменную мову”.

(Спадарыня: ) “Я заўсёды сустракаюся зь імі. У нас ёсьць знаёмыя — вельмі годныя людзі. Я ня ведаю, чаму іх пачынаюць дзяліць на новых ці ня новых. Ня ведаю, у кожнага сваё стаўленьне да іх. Калі чалавек прыстойны, то яго нават грошы не псуюць”.

(Спадар: ) “Цяпер іх ужо ня так шмат. Але раней было такое — людзі з тоўстымі ланцугамі. Мне яны ня вельмі падабаюцца. Яны выкарысталі магчымасьці і зарабілі грошы. Калі маглі”.

(Спадарыня: ) “Уражаньні вельмі добрыя, таму што гэта людзі, якія бачаць пэрспэктыву для сваёй краіны, якія ўсё робяць для яе, якія сапраўды новыя. Яны як правіла, вельмі адукаваныя людзі, а якія “новыя” ў двукосьсі, то гэта на мой погляд, страшна для нашага грамадзтва, і я ўсё ж спадзяюся на тых новых, якія сапраўды новыя”.

(Другая спадарыня: ) “Я думаю, што гэта не героі анэкдотаў, а людзі, якія здолелі нечага дасягнуць у сваім жыцьці”.
XS
SM
MD
LG