Міністэрства юстыцыі палічыла неправамоцнымі рашэньні апошняга зьезду лібэрал-дэмакратаў, на якім Сяргей Гайдукевіч быў пазбаўлены пасады старшыні партыі. Нагадаем, на зьезьдзе, які прайшоў 6 верасьня, калегі Сяргея Гайдукевіча ў партыйным кіраўніцтве выказалі яму недавер. Тады Гайдукевіч з часткай прыхільнікаў пакінуў зьезд, а астатнія дэлегаты гэтак зьмянілі партыйны статут, што ў ім увогуле не засталося пасады старшыні.
Сяргей Гайдукевіч падаў скаргу ў Мінюст, даказваючы, што гэтае рашэньне прымалася недастатковай колькасьцю дэлегатаў. І вось Міністэрства юстыцыі са старшынём ЛДП пагадзілася. Сяргей Гайдукевіч заяўляе, што іншага выніку і не чакаў і кажа, што насамрэч ніякага расколу ў партыі няма, а ёсьць толькі маленькая купка змоўнікаў.
(Гайдукевіч: ) “Ніякай значнай часткі там няма. Ёсьць тры сябры найвышэйшага савету, якія пагаджаліся ўсе гэтыя гады з усімі рашэньнямі ды статутамі, а цяпер уступілі ў змову. Партыя за імі ня пойдзе, і гэта ўжо было бачна на зьезьдзе. Цяпер становішча ў партыі нармальнае, яна цалкам кантралюецца старшынём партыі”.
Але апанэнты Сяргея Гайдукевіча ягонага аптымізму не падзяляюць. Намесьнік старшыні ЛДП Аляксандар Рабатай, які такама стаў у апазыцыю да Гайдукевіча, лічыць, што гэта сувязі ва ўладзе дапамаглі Сяргею Гайдукевічу аспрэчыць рашэньні партыйнага зьезду. Але ніякія ўладныя структуры не захаваюць яму лідэрства ў партыі, мяркуе Аляксандар Рабатай.
(Рабатай: ) “Усё роўна спадар Сяргей Гайдукевіч ня будзе лідэрам лібэрал-дэмакратычнай партыі, бо ён адвергуты сапраўднымі лібэраламі як чалавек, які кампрамэтуе партыю. У гэтым можна пераканацца, паразмаўляўшы з дыпляматамі, журналістамі, іншымі сур’ёзнымі людзьмі. Пытаньне будзе закрытае зьездам, які непазьбежны, і гэта не залежыць ад таго, што ў будучыні вырашыць Мінюст”.
Паводле Міністэрства юстыцыі, чарговы зьезд лібэрал-дэмакраты мусяць правесьці да сакавіка наступнага году.