Да гэтае сваёй круглае даты ён не дажыў крыху менш за год. Зь Сяргеем Грахоўскім Беларусь разьвіталася летась позьняю восеньню. Ён быў апошнім пісьменьнікам-лягернікам, і зь яго адыходам ня стала ацалелых ахвяраў і сьведкаў бальшавіцка-сталінскае рэпрэсіўнае машыны, якая татальна вынішчала беларускіх літаратараў у 20-я–50-я гады мінулага стагодзьдзя.
Першы раз маладога паэта арыштавалі ў 1936 годзе і прысудзілі да 10 гадоў ГУЛАГу. Адбыўшы тэрмін, выйшаўшы на волю ды дамогшыся зьняцьця судзімасьці, ён неўзабаве зноў быў арыштаваны ды сасланы на вечнае пасяленьне ў Сыбір. Вярнуцца на радзіму Грахоўскаму дазволілі толькі ў 1956 годзе. Тады зь ім пазнаёміўся і пасябраваў паэт і перакладчык, цяпер віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Валянцін Тарас.
(Тарас: ) “Маладым я яго памятаю і шчасьлівым у той час, калі мы разам жылі на Нарачы ў вёсачцы Купа. У гэтай вёсачцы мы жылі разам некалькі летаў. Наймалі там хаткі і вельмі хораша і многа размаўлялі пра ўсё, што ведаў і перажыў Сяргей Іванавіч. Пасьля я даволі многа ягоных вершаў перакладаў на расейскую мову. І заўсёды вельмі хораша было пасьля сустрэчы з гэтым чалавекам. Да таго моманту, пакуль не разбурыліся многія нашыя агульныя надзеі…
З памяцьцю пра гэтага чалавека, як з памяцьцю пра іншых маіх старэйшых сяброў застаесься на сёньняшні дзень, і памяць гэтая часам дапамагае перажываць цяперашняе пачварства. І думаеш: яны перажылі, можа і горшае, перажывем і мы. І разам з памяцьцю пра іх дачакаемся нечага іншага, новага і больш сьветлага”.
У вядомай пісьменьніцы Алены Васілевіч сяброўства зь Сяргеем Грахоўскім пачалося зь ягоных вершаў.
(Васілевіч: ) “Сьцяжынка зьбягае з пагорка,
Унізе шуміць лістапад.
І сумна, і крыўдна, і горка,
Што ўжо не вярнуцца назад
У тое далёкае лета,
У водар духмяных суніц,
Дзе столькі было навальніц,
Дзе столькі яшчэ не дапета.
Радкі, якія я запомніла на ўсё жыцьцё, як толькі прачытала першы раз. Я належу да тых шчасьлівых людзей, каму пашанцавала і сустракацца, і многа гутарыць, і многа слухаць Сяргея Іванавіча. І заўсёды захапляцца яго бурным словам, яго непаўторным расказам, яго непаўторнай прысутнасьцю. Такія паэты, а ён быў паэт ва ўсім, не забываюцца. І, дзякуй Богу, што яны былі ў нашай літаратуры, у нашым жыцьці”.
Пры канцы жыцьця Сяргей Грахоўскі пазьбягаў кантактаў з прэсай, але для нашага радыё зрабіў выключэньне, напісаў і прачытаў у праграму 2001 году “Верш на свабоду” пра тое, што мацней за ўсё хвалявала паэта і за што заплаціў дваццацю гадамі няволі.
(Грахоўскі, архіўны запіс: ) “Чытаю замову за родную мову,
За волю маёй беларускай зямлі.
Мы зьведалі зьдзекі, зьнявагі і змовы,
А вечную мову сваю зьбераглі.
Яна — і сумленьне, яна і апора,
Яна, як паходня, у дужых руках,
Як матчына слова, каб родная мова,
Каб воля і шчасьце сьвяцілі ў вяках.
Хто з матчынай мовы і маці сьмяецца,
Той зьбіўся з дарогі і ў багне загруз.
Калі ж хоць адзін беларус застанецца,
Шчасьліваю будзе мая Беларусь!”