Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ АСАМБЛЕІ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРАВЯЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ КАЛЯ МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ Ў МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя праходзіла ў рамках кампаніі “Наша салідарнасьць”, распачатай Асамблеяй няўрадавых арганізацыяў. У ёй удзельнічалі каля 40 прадстаўнікоў “Вясны”, “Ратушы”, “Прававой дапамогі насельніцтву”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”, “Грамадзянскіх ініцыятываў” ды іншых аб’яднаньняў.

Людзі ў белых накідках з надпісамі ліквідаваных арганізацыяў і тых, якія яшчэ чакае працэс ліквідацыі, паўгадзіны стаялі жывым калідорам каля ўваходу ў Мінюст ды сустракалі супрацоўнікаў гэтага ведамства, якія сьпяшаліся на працу. Арганізатар акцыі кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так патлумачыў яе мэту:

(Бяляцкі: ) “Мы стаім каля міністэрства, каб нейкім чынам нагадаць яго супрацоўнікам, што, ліквідуючы арганізацыі, яны ўносяць пэўныя эпізоды ў свае біяграфіі, якіх мы не забудзем”.

Празь пікетоўцаў прайшоў міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, выказаўшы сваё абурэньне — маўляў, “хто дазволіў тут пікетаваць”. Іншыя чыноўнікі праходзілі каля ўдзельнікаў акцыі моўчкі.

Кіраўнік ліквідаванага ўладамі гарадзенскага аб’яднаньня “Ратуша” Аляксандар Мілінкевіч лічыць гэтую акцыю вельмі патрэбнай:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што галоўным вынікам такой акцыі павінна стаць зьвяртаньне ўвагі шырокай грамадзкасьці на праблемы грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі. Калі мы пакорна ўспрымем падобныя рашэньні, мы пакажам, што ў нас няма грамадзянскай годнасьці”.

Зь ім згодны й кіраўнік ліквідаванай “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Воўчак. Дарэчы, учора на спадара Воўчака быў учынены бандыцкі напад. На аўтамабільным паркінгу да яго падскочыў невядомы мужчына й нейкім цяжкім прадметам разьбіў брыво. Цяпер міліцыя шукае хулігана.

Удзельнікі пікету лічаць, што ў любым выпадку такія акцыі павінны даць плён. Гаворыць лідэр ліквідаваных “Грамадзянскіх ініцыятываў” з Гомеля Віктар Карніенка:

(Карніенка: ) “У нашых умовах любая акцыя мае карысьць. Для аб’яднаньня “Грамадзянскія ніцыятывы” можна лічыць змаганьне з выкарыстаньнем ўнутраных рэсурсаў вычарпаным. Але засталіся іншыя арганізацыі, таму для прадстаўнікоў нашага аб’яднаньня — гэта акцыя салідарнасьці ў падтрымку іншых. Плён, безумоўна, будзе — калі прадстаўнікоў арганізацыяў на наступнай акцыі будзе значна больш”.

Падобныя акцыі каля Мінюсту Асамблея няўрадавых арганізацыяў плянуе праводзіць і надалей.

За апошнія некалькі месяцаў улады зьліквідавалі шэсьць грамадзкіх арганізацыяў, а яшчэ чатыры арганізацыі чакае працэс ліквідацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG