Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШОЎ СХОД ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

На сход, які прайшоў у Віцебску на Смаленскім рынку, прыйшлі некалькі дзесяткаў прадпрымальнікаў. Яны прадстаўлялі розныя рынкі гораду, але абмяркоўвалі супольныя для ўсіх праблемы, якія паўсталі апошнім часам з прычыны разыходжаньня меркаваньняў прыдпрымальнікаў ды гарадзкіх ўладаў.

Новы гарадзкі мэр Пётар Драздоў вырашыў зьліквідаваць гандлёвую пляцоўку на стадыёне “Дынама”, што для прадпрымальнікаў абазначае страту некалькіх соцень працоўных месцаў. Гандляры незадаволеныя такама і сыстэмай мясцовага падаткаабкладаньня, і ўмовамі працы на гарадзкіх рынках.

На свой сход прадпрымальнікі запрасілі загадчыцу сэктарам прадпрымальніцтва Віцебскага гарвыканкаму Валянціну Глячкову. Аднак канструктыўнае размовы паміж прадпрымальнікамі ды прадстаўніцай уладаў не атрымалася. Замест шляхоў вырашэньня наяўных праблемаў спадарыня Глячкова прапанавала прадпрымальнікам наведваць сэмінары, якія ладзіць гарвыканкам, і больш адказна выконваць патрабаваньні санстанцыі ды падатковае інспэкцыі.

Сход завяршыўся гучнымі спрэчкамі, якія адбываліся пад пільнымі позіркамі міліцыянтаў ды байцоў АМОН’у – яны былі гатовыя ў любы момант абараніць прадстаўніцу гарвыканкаму ад незадаволеных прадпрымальнікаў. Аднак іхнае ўмяшаньне не спатрэбілася: прадпрымальнікі разышліся па сваіх працоўных месцах, а іхныя пытаньні так і засталіся без адказаў.
XS
SM
MD
LG