Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУЛЬНЯВЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ ЛУКАШЭНКІ: “КАРТЫ, ГРОШЫ, ДЗЬВЕ ГАРАЧЫЯ РУЛІ”


Ігар Карней, Менск

І хоць у Беларусі аб’екты кволага падабенства ўсясьветнай сталіцы азартных гульняў — Лас-Вэгасу, амаль цалкам сканцэнтраваныя ў Менску, гэта не перашкаджае змагацца са зьявай у дзяржаўных маштабах.

Цяжка знайсьці яшчэ краіну, вышэйшае кіраўніцтва якой вызначае правілы ня толькі палітычных гульняў, але й азартных. Аляксандар Лукашэнка, як кажуць, няроўна дыхае ў бок рознага кшталту ўстановаў, дзе ёсьць гульнявыя сталы, так званыя “аднарукія бандыты”, рулетка. Калі адрасна, то гэта разнастайныя залі аўтаматаў, казыно, начныя клюбы. Як вынік, зьявіўся адмысловы загад аб парадку і правілах ажыцьцяўленьня гульнявога бізнэсу на тэрыторыі Беларусі. Бясспрэчна, адчувальныя даходы ад звычак грамадзянаў дзяржаўныя скарбонкі маюць ва ўсім сьвеце, але за мяжой гуляюць звычайна паводле правілаў установы, а не кіраўнікоў краіны.

Цяпер з афіцыйнага дазволу ў Беларусі легалізаваныя чатыры віды гульнявога бізнэсу: казыно, залі гульнявых аўтаматаў, таталізатар і букмэкерскія канторы. Гэта ў сваю чаргу дае падставу да арганізацыі ўласна азартных гульняў, да якіх адносяцца так званыя цыліндрычныя гульні (альбо рулетка), гульні ў карты, у косьці, на аўтаматах, стаўкі таталізатару і гульня букмэкерская.

Чарговым дэкрэтам сфэра яшчэ больш “удасканаленая”. Найперш, прадпрымальнікі маюць права ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць толькі на падставе асобнай ліцэнзіі на кожны від гульнявога бізнэсу і з дазволу тэрытарыяльнага органу ўнутраных справаў. Па-другое, акрэсьленыя пункты пакараньня за парушэньне дэкрэту: 500 мінімальных базавых велічыняў з канфіскацыяй абсталяваньня, а таксама грошай, рэчаў і іншых каштоўнасьцяў, якія зьяўляюцца стаўкай у гульні.

Наўпрост тлумачыцца, што ёсьць прадметам падаткаабкладаньня: гэта гульнявыя сталы, аўтаматы, касы таталізатару і букмэкерскіх кантораў. Пры гэтым стаўкі падатку вызначае Савет міністраў па ўзгадненьні з прэзыдэнтам. Кантроль за выкананьнем дэкрэту ўскладаецца на дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі.

Пасьля канстатацыі абавязковых патрабаваньняў можна было б спадзявацца, што разам зь пералікам абмежаваньняў акрэсьленыя і правы ўласна наведнікаў казыно. Аднак правы спажыўца, ці гульца, займаюць у дакумэнце ня болей за дзясятак радкоў. Ніякай страхоўкі ў выпадку нэрвовага зрыву (а яшчэ горш — сьмяротнага выпадку, які днямі меў месца ў казыно менскага гатэлю “Плянэта”), натуральна, не прадугледжана.

Апроч таго, што наведнік павінен паводзіць сябе карэктна і не дапускаць парушэньня грамадзкага парадку, гаспадары ўстановы абавязаныя ведаць яго ня толькі ў твар: паводле патрабаваньня, грашовы выйгрыш выплачваецца толькі на падставе аднаго дакумэнту, які сьведчыць асобу — пашпарту.

Цікава, што за подпісам Лукашэнкі даецца таксама расшыфроўка ўсіх азартных гульняў, дазволеных на тэрыторыі Беларусі. Прыкладам, “карты — азартная гульня, у якой удзельнікі адпаведным раскладам картаў вызначаюць выйгрыш і ягоную велічыню”. Таталізатар — “азартная гульня, у якой робіцца стаўка на вынік падзеі, а памер выйгрышу залежыць ад частковага ці поўнага супадзеньня прагнозу з рэальнымі, дакумэнтальна пацьверджанымі, фактамі”. Усё астатняе — гэткай жа канцылярскай мовай.

Нарэшце, што забаронена ў часе правядзеньня гульнявых акцыяў? Найперш, калі правілы азартнай гульні не адпавядаюць правілам, зацьверджаным Саветам міністраў; калі ў гульнявой установе адсутнічае ўлік аб’ёму абароту па азартных гульнях; калі гульні арганізуюцца ў адукацыйных, мэдычных, культавых установах і ў месцах знаходжаньня дзяржаўных органаў.

Зрэшты, было б дзіўна, каб у голе будынку Савету міністраў раптам зьявіўся “аднарукі бандыт” ці стол з рулеткай. Хоць працоўнага імпэту “слугам народу” падобныя новаўводзіны, натуральна, дадалі б.
XS
SM
MD
LG