Прадстаўнікі Нацбанку Беларусі таксама не выключаюць, што ўвядзеньне расейскага рубля можа адмоўна адбіцца на айчыннай банкаўскай сыстэме, але ж катастрафічных наступстваў у гэтым яны ня бачаць. Як адзначыў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску першы намесьнік старшыні Нацбанку Мікалай Лузгін, ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй канкурэнцыя на рынку банкаўскіх паслугаў узрасьце.
(Лузгін: ) “Ускосным узьдзеяньнем будзе тое, што яшчэ болей узмоцніцца цікавасьць расейскіх банкаў да нашай банкаўскай сыстэмы. І будуць спробы набыць нашыя банкі, і канкураваць зь імі. Канечне, калі мы дазволім нашым суб’ектам гаспадараньня адкрываць рахункі ня толькі ў беларускіх, але і ў расейскіх банках, гэта створыць некаторыя праблемы для нашых банкаў. Канкурэнцыя ўзмоцніцца ў любым выпадку, але мы ў той жа час лічым, што драматызаваць сытуацыю тут ня варта”.
Эканаміст Валер Дашкевіч тым часам не падзяляе гэты збольшага аптымістычны погляд на пэрспэктывы беларускай банкаўскай сыстэмы пасьля ўвядзеньня расейскага рубля. Нэгатыўныя наступствы прынясе нават не стварэньне адзінай эканамічнай прасторы, а толькі ўвядзеньне расейскіх грошай у безнаяўнае абарачэньне, лічыць экспэрт.
(Дашкевіч: ) “Прадпрыемствы будуць у першую чаргу прытрымліваць расейскія грошы, бо яны больш стабільныя, ды будуць старацца разьлічыцца беларускімі грашыма, збыць іх з рук. Як вынік, хуткасьць абарачэньня беларускіх рублёў павялічыцца, а гэта раўнавартасна павелічэньню іхнай масы. Абавязкова будзе пэўны інфляцыйны скачок. Па-другое, беларускія прадпрыемствы змогуць атрымліваць крэдыты непасрэдна ад расейскіх банкаў, а там крэдыты значна таньнейшыя, чым у беларускіх. То безумоўна беларускія банкі атрымаюцца па-за гульнёй. У іх ня будзе крыніцаў падтрыманьня прыбыткаў”.
Усе гэтыя чыньнікі прымусяць беларускія банкі шукаць сабе апірышча недзе па-за межамі краіны — і зноў-ткі ў найпершую чаргу ў Расеі. Таму спадар Дашкевіч лічыць, што працэс паглынаньня беларускіх банкаў расейскімі значна паскорыцца. За апошнія паўтара году ў Беларусі адчынілася некалькі расейскіх банкаў, у тым ліку даччынае прадпрыемства “Росбанку” — “Белросбанк”. Дарэчы, у Нацбанку не адмаўляюць таго, што на пэўным этапе інтэграцыі беларускія банкі сапраўды пачнуць прадаваць расейцам. Але ж ад гэтага ўласна беларуская банкаўская сыстэма пачне губляць свае пазыцыі, гаворыць Валер Дашкевіч.
На сёньняшні дзень у Беларусі працуе 29 банкаў і 477 філіяў банкаў. У банкаўскай сыстэме краіны працуюць 44 тысячы чалавек, ня ўлічваючы супрацоўнікаў Нацыянальнага банку. Тры банкі прызнаныя банкрутамі, яшчэ адзін банк знаходзіцца ў стадыі самаліквідацыі.