Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE” — ПРА ЭТНАЦЫД У БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

Некалькі тыдняў пасьля закрыцьця ліцэю настаўнікі праводзілі заняткі на вуліцы. Многія ліцэісты, якія прыходзілі на гэтыя ўрокі, не ўяўлялі сабе, як будуць займацца ў звычайнай школе. У ліцэі былі непаўторная прафэсура, атмасфэра сяброўства. “У іншых школах наўрад ці так вывучаюць Байрана”, — казалі дзеці. Яны не разумеюць, чаму прэзыдэнт вырашыў зачыніць іхную школу.

Як піша нямецкае выданьне, сёлета Лукашэнка ўжо зачыніў 150 беларускіх школаў. Аднак палітыка этнацыду працягваецца. Беларуская мова, якая паводле некаторых лінгвістаў ёсьць расейскім дыялектам, усё радзей і радзей гучыць па нацыянальным тэлебачаньні. Сам Лукашэнка, які размаўляе з моцным беларускім акцэнтам, не шануе гэтай афіцыйнай дзяржаўнай мовы.

Прычына, зь якой Лукашэнка зачыніў беларускі гуманітарны ліцэй, зьвязаная аднак ня толькі з моўнай палітыкай. Усе складанасьці пачаліся пасьля таго, як ягоны кіраўнік Уладзімер Колас быццам бы далучыўся да “вялікай” палітыкі і стаў адным з арганізатараў Зьезду беларускай інтэлігенцыі.

Паводле вучняў, бацькоў ды самога Коласа, у ліцэі палітыка не адыгрывала ніякай ролі. Проста там не паўтаралі ўсёй той хлусьні, якая адкрыта гучала вакол. Лукашэнка ж убачыў у ліцэі “гняздо апазыцыі”.

Дарэчы, за 9 гадоў прэзыдэнцтва “гэтаму дэмагогу з надзвычайным уладным інстынктам” так і не ўдалося пахаваць апазыцыю, — піша “Frankfurter Allgemeine”. Цяпер Лукашэнка імкнецца захаваць уладу і надалей, пасьля 2006 году — і распачатая ім “ вялікая чыстка” служыць выключна гэтай мэце. У краіне забароненыя многія апазыцыйныя выданьні дый шматлікія няўрадавыя арганізацыі.

У найлепшых савецкіх традыцыях у Беларусі набірае моц ідэалягічная кампанія. Адпаведная навучальная дысцыпліна ўведзеная ў беларускіх унівэрсытэтах. На ўсіх прадпрыемствах уведзеныя пасады ідэолягаў. На час уборкі ўраджаю менскае раённае кіраўніцтва стварыла 388 прапагандысцкіх брыгадаў, з чыёй дапамогай сяляне ў часе абедзеннага перапынку даведваліся пра палітычныя падзеі ў краіне. Найлепшым працаўнікам дазволяць узьняць сьцяг над саўгаснай адміністрацыяй, а ўдарнікаў ідэалягічнага фронту — узнагародзяць.

Чым дакладна ёсьць дзяржаўная беларуская ідэалёгія, пакуль ня ясна. У любым выпадку, яна мусіць палепшыць агульную дысцыпліну ў грамадзтве ды ўзьняць папулярнасьць прэзыдэнта ў масах. Паводле некаторых сацыялягічных апытаньняў, гэтая папулярнасьць ўпала цяпер да 20%.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, нягледзячы ні на што, Лукашэнку пакуль ніяк не ўдаецца татальна ідэалягізаваць краіну. Праз шматлікія невялікія шчыліны ў гэтую ізаляваную дзяржаву, якую адзін менскі таксыст назваў “рэзэрвацыяй”, дзьмуць ветры з захаду і з поўначы — Польшчы і Літвы, а таксама з усходу — Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG