Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЛЕПШАЦЦА БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКІЯ ДАЧЫНЕНЬНІ ПАДЧАС ПРАЦЫ Ў МЕНСКУ АМБАСАДАРА КРОЛА?

Юры Сьвірко, Менск

У гэтую сераду амбасадар Крол меў нефармальную сустрэчу з журналістамі розных менскіх мас-мэдыяў. Пасьля прылёту ў Менск 3 верасьня новы амбасадар ЗША ня даў ніводнага інтэрвію, а з публічных прамоваў было зробленае толькі прывітаньне 15 верасьня з нагоды выступу ў Беларусі амэрыканскага танцавальнага ансамблю.

Адметным было тое, што першая заява для прэсы ў аэрапорце прагучала цалкам на беларускай мове. Можна чакаць, што й падчас уручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку амбасадар Крол будзе прамаўляць па-беларуску.

Але калі адбудзецца гэтае ўручэньне? Вось як на гэтае пытаньне адказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Тэрміны ўручэньня даверчых граматаў амбасадарам ЗША прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь узгадняюцца ў нармальным рабочым рэжыме безь якіх-небудзь адхіленьняў ад прынятай дыпляматычнай практыкі. То бок даты канкрэтнай я вам назваць не магу, але думаю, што гэта будзе дастаткова… хутка, няхутка — якая розьніца? Гэта будзе нармальна”.

Гэтую думку прэсавага сакратара МЗС падзяляе былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў, які мяркуе, што факт уручэньня даверчых лістоў беларускім амбасадарам у Вашынгтоне Міхаілам Хвастовым і мажлівасьць прыняцьця Кангрэсам ЗША палажэньняў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі зробяць сваю справу.

(Саньнікаў: ) “Думаю, даволі хутка будзе ўручаць, таму што цяпер адбываюцца пэўныя перамовы аб паляпшэньні адносінаў. Гэтым займаецца Хвастоў. Трэба адзначыць, што напалоханыя вось гэтым Актам, таму ня ў інтарэсах уладаў цяпер жорстка ставіцца да новага амбасадара”.

А вось як камэнтуе сытуацыю вакол даты ўручэньня даверчых лістоў аглядальнік тыднёвіка “Свободные новости плюс” Раман Якаўлеўскі:

(Якаўлеўскі: ) “Лёгіка развагаў тут простая. Абодва ўрады дзейнічаюць ува ўмовах жорсткага цэйтноту. З тонкасьцямі дыпляматычнага пратаколу трэба пасьпець разабрацца да прыняцьця Кангрэсам заканадаўчага акту пра Беларусь. Пасьля прыняцьця закону з гэтымі тонкасьцямі можна будзе не разабрацца ўвогуле. Вельмі часта, калі кажуць пра біяграфію новага амбасадара ЗША ў Менску, адзначаюць, што ён нежанаты, што ягонае гобі — езьдзіць конна. У сваю чаргу хацелася б дадаць, што ў яго дзень нараджэньня 2 красавіка. Гэта таксама й дзень нараджэньня віртуальнай саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі”.

Можна яшчэ дадаць, што амбасадар Крол раней працаваў у Генэральным кансуляце ЗША ў Санкт-Пецярбургу і добрае ведае з тых часоў Уладзімера Пуціна. Часам Джорджа Крола жартаўліва называюць чалавекам зь “піцерскай каманды”.
XS
SM
MD
LG