Сёньня ў консульскім аддзеле амбасады Польшчы ў Менску візы атрымлівалі асобы або прадстаўнікі арганізацыяў, якія здавалі дакумэнты ў мінулы панядзелак. Сама працэдура выдачы візаў, такім чынам, займае ўсяго два дні. Іншая справа, што ня ўсе пасьпяваюць здаць дакумэнты на візы ў той жа дзень. Гаворыць адзін з наведнікаў польскага кансуляту бізнэсовец зь Менску Сяргей:
(Сяргей: ) “Раніцай а палове шостай я быў другім, а яшчэ перад намі быў сьпіс, які пераносіцца з папярэдняга дня, гэта 20 чалавек — у сярэднім 40 пашпартоў. Таму той, хто прыходзіць у чаргу каля восьмай, ужо не патрапляе ў той жа дзень, у сярэднім яны абслугоўваюць 100–150 чалавек на дзень. Таму практычна каб атрымаць візу, трэба тут начаваць”.
Іншых прэтэнзіяў да амбасады ў спадара Сяргея няма, афармленьне хуткае, кошт даступны. Наведнікі консульскага аддзелу —: і фізычныя асобы, і арганізацыі, і турфірмы — самаарганізоўваюцца: складаюць сьпісы, робяць пераклічкі, часам узьнікаюць спрэчкі.
(Сяргей: ) “Атрымліваецца тут стыхія. А патрэбна, каб была арганізацыя, скіраваная на захаваньне парадку: турнікеты павінны стаяць, каб людзі ішлі па чарзе, каб не стваралася натоўпу, людзі ж падушыць адзін аднаго могуць”, — зазначыў сёньняшні наведнік польскага кансуляту ў Менску.
У самім кансуляце паведамілі, што падрыхтаваліся да ажыятажнага пачатку попыту на візы: істотна пашыраны штат кансуляту, усе працуюць на тры гадзіны болей, чым патрабуюць нормы — да сёмай вечара. Колькасьць заяваў на дакумэнты, якія прымаюцца кансулятам, таксама большая, чым паводле нормаў. Што да чэргаў, то ў кансуляце кажуць, што гэта зьява звычайная для тых, хто падае дакумэнты ў іншыя амбасады. Паводле прагнозу консульскіх супрацоўнікаў, з 1 кастрычніка колькасьць наведнікаў зьменшыцца.