Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАСНАВАЛЬНІКІ ГАЗЭТЫ “МЕСТНОЕ ВРЕМЯ” БУДУЦЬ ПРАЗ СУД АСПРЭЧВАЦЬ РАШЭНЬНЕ АБ ЛІКВІДАЦЫІ ВЫДАНЬНЯ

Ігар Карней, Менск

Разгляд пазову Менаблвыканкаму распачаўся 22 верасня, і ўжо на наступны дзень было прынятае рашэньне на карысьць выканкаму. Як распавялі юрысты выданьня, пазоў грунтаваўся на зьвестках абласной падатковай інспэкцыі — маўляў, ТАА “Местное время-пресс” (выдавец газэты) своечасова ня ўнесла ў статутныя дакумэнты інфармацыю пра зьмену сваёй юрыдычнай адрэсы. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар газэты Анатоль Гуляеў упэўнены, што паводле такой схемы можна ліквідаваць любы, няўгодны ўладам, сродак масавай інфармацыі.

(Гуляеў: ) “Мы перамаглі ў некалькіх судах, і рашэньне Менаблвыканкаму адназначна было кваліфікаванае як незаконнае. І вось тады гэтыя людзі з аблвыканкаму пачалі шукаць выйсьця: яны разумелі, што прайгралі, а прайграваць не хацелася. Тым больш, што, хутчэй за ўсё, была каманда зачыніць газэту, а зрабіць гэта ціха не ўдалося. Першае рашэньне суду было на нашу карысьць; яны потым падавалі скаргі, у якіх ім адмаўлялі. Павінен быў пачацца працэс аднаўленьня дзейнасьці юрыдычна асобы, а Міністэрства інфармацыі мусіла скасаваць свой загад аб ліквідацыі газэты.

Але ні тое, ні іншае не было зроблена; нам нават не паведамілі, што судовыя справы скончаныя і мы можам працаваць далей. І тады яны праз год пасьля таго, як было прынятае рашэньне (якое сёньня кваліфікаванае як незаконнае), пайшлі нібыта законным шляхам — зьвярнуліся ў суд, каб суд ліквідаваў выданьне, як таго патрабуе заканадаўства”.

Нагадаю, што яшчэ 21 лістапада мінулага году Менскі аблвыканкам скасаваў рэгістрацыю ТАА “Местное время-пресс”, у выніку чаго Міністэрства інфармацыі закрыла аднайменнае выданьне. Аднак сёлета ў красавіку Менскі гарадзкі гаспадарчы суд часткова задаволіў пазоў заснавальнікаў таварыства да Менаблвыканкаму, прызнаўшы скасаваньне рэгістрацыі незаконным. Нягледзячы на гэта, аблвыканкам не аднавіў рэгістрацыю выданьня, а Мінінфармацыі не вярнула рэгістрацыйнага пасьведчаньня газэце. Гаворыць Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Па-першае, суды прызналі, што ўсё нармалёва, усё правільна. Па-другое, прайшоў амаль год з таго часу, як не працавала газэта, не працавала юрыдычная асоба. За што яны маглі неяк да нас прычапіцца (нібы нясвоечасова была замацаваная дамова арэнды) мяне асабіста ўжо аштрафавалі. Ну, нібыта і праблема павінна была зьнікнуць. Але ж яны ў сваім звароце ў суд напісалі такое, што вочы на лоб лезуць. Мне здаецца, што ўсё гэта — выкананьне каманды. Каманда выкананая, але мы ня згодныя з гэтым рашэньнем і будзем яго абскарджваць”.

(Карэспандэнт: ) “Як хутка гэта здарыцца, і ў якой форме — новая апэляцыя?”

(Гуляеў: ) “Мы мусім цягам 10 дзён зьвярнуцца у суд (гэта будзе той жа абласны суд) і аргумэнтаваць нашыя патрабаваньні. У нас ёсьць усе падставы патрабаваць станоўчага вырашэньня нашай справы; мы не зьбіраемся здавацца, бо праўда на нашым баку. Будуць судовыя паседжаньні, і калі суд інстанцыі, у якую мы зьвернемся, ня вырашыць усё станоўча, будзем зьвяртацца далей. Але хуткага канца чакаць не даводзіцца”.
XS
SM
MD
LG