Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ (МАП) СТЭН ПЭТЭРСЭН СУСТРЭЎСЯ З А.ЯРАШУКОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Шосты дзень няволі пачаўся для Аляксандра Ярашука зь сюрпрызу. Раніцай 24 верасьня яго прывялі з камэры ў адзін з кабінэтаў ізалятару, дзе ён меў сустрэчу са Стэнам Пэтэрсэнам — адмысловым прадстаўніком кіраўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы. Стэн Пэтэрсэн тэрмінова прыехаў, каб перадаць Аляксандру Ярашуку пасланьне ад кіраўніцтва арганізацыі са словамі падтрымкі й салідарнасьці.

Дарэчы, беларускім заканадаўствам спатканьні для пакараных арыштам паводле адміністрацыйных артыкулаў увогуле не прадугледжаныя, але для Ярашука было зробленае выключэньне. Магчыма, паспрыялі высокія чыноўнікі ў Міністэрстве замежных справаў, Вярхоўным судзе і Міністэрстве ўнутраных справаў, зь якімі ўчора Стэн Пэтэрсэн дамаўляўся пра сустрэчу.

Не выключаецца таксама, што рашэньне прымалася і на больш высокім узроўні. Бо скандал, які ўзьнік з прычыны арышту лідэра беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, аказаўся вельмі гучным. Стэн Пэтэрсэн падчас імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі адразу пасьля наведваньня ізалятара на гэты конт заявіў:

(Пэтэрсэн: ) “Міжнародная арганізацыя працы супраць таго, каб чалавека арыштоўвалі за тое, што ён выказаў сваё меркаваньне. Нам падобныя выпадкі адносна лідэраў прафсаюзаў увогуле невядомыя. Наша арганізацыя вырашыла ўмяшацца і патрабаваць сустрэчы з Аляксандрам Ярашуком яшчэ і дзеля таго, каб пераканацца, што зь ім абыходзяцца гуманна. Пакуль гэта сапраўды так. Але прадстаўнікам беларускіх уладаў былі выказаныя нашыя настойлівыя рэкамэндацыі найхутчэй вызваліць Аляксандра Ярашука”.

Між тым, разгляд скаргі на прысуд Аляксандру Ярашуку замарудзіўся. Гэтак лічыць ягоны абаронца Ўладзімер Адынец, які ад імя Ярашука падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Паводле яго, 24 верасьня раніцай справа Ярашука яшчэ не была запатрабаваная зь Ленінскага раённага суду ў Менскі гарадзкі. Таксама не было вызначана, хто яе будзе разглядаць. Падобна на тое, што ўлады Беларусі проста чакаюць, пакуль тэрмін пакараньня скончыцца сам, — лічыць Уладзімер Адынец.

У Міжнародную арганізацыю працы ўваходяць 175 краінаў, кожная зь іх прадстаўленая прафсаюзамі, урадам і наймальнікамі. Санкцыі арганізацыі супраць тых, хто парушае правы аднаго з гэтых бакоў, могуць быць вельмі адчувальныя. Аляксандар Ярашук быў адным з аўтараў скаргі, якую нядаўна накіравалі ў МАП незалежныя прафсаюзы Беларусі. Яны лічаць, што беларускія ўлады парушаюць правы працоўных. МАП выказала рэкамэндацыі да беларускіх уладаў, якія дагэтуль ня выкананыя.

“Дагэтуль урад Беларусі ня выканаў рэкамэндацыяў МАП, і няма сумневу, шмат хто расцэньвае ваш арышт як крок у супрацьлеглым кірунку”, — сьцьвярджаецца ў лісьце кіраўнікоў Міжнароднай арганізацыі працы, які Аляксандар Ярашук сёньня атрымаў у ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG