Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРЭНА КАЛЯДА – БЕЛАРУСКІ АНЁЛ-АБАРОНЦА Ў КЛІЎЛЭНДЗЕ


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Ірэна Каляда, Натальля і Аляксандра Гушчы, Людвіка і Паўлінка Вітушкі, Алена Макоўская.

(Натальля Гушча: ) “Паклаўшы руку на сэрца, я гавару вам, што пасьля Бога сп. Ірэна ў нас першая, у нашай сям'і. Мы молімся на гэтую жанчыну, няхай дасьць ёй Бог усё самае лепшае”.

Так сказала жыхарка Менску Натальля Гушча пра беларускую жанчыну з амэрыканскага гораду Кліўлэнда Ірэну Каляду.

5 гадоў таму я зьвяла гэтых жанчын разам, каб выратаваць дачку сп. Натальлі, тады яшчэ 11-гадовую дзяўчынку Аляксандру, якую ў сям’і ласкава завуць Сашаю. Гэтае імя ёй далі ў гонар бацькі. Яна была трэцім і вельмі чаканым дзіцём для Аляксандра і Натальлі Гушчаў. Шчасьлівыя бацькі не маглі сабе ўявіць, што чакае іх далей.

Пра трагічную гісторыю, якая здарылася ў сям’і Гушчаў, калі Сашы было ўсяго 11 месяцаў, цяпер ведаюць ня толькі ў Беларусі, але і шмат дзе ў замежжы. Немаўлятка моцна пацярпела пад час пажару. У дзяўчынкі амаль згарэў тварык, валасы, засталіся толькі вочы, якія яна прыкрывала рукамі, але, згарэлі і пальчыкі на руках. Дактары не давалі надзеі, што дзіця выжыве, ратавалі, як маглі.

Пасьля шасьці месяцаў, праведзеных у шпіталі, пасьля шматлікіх апэрацыяў Саша засталася жыць. Але паўстала іншая праблема. Аказалася, што апаленыя месцы не растуць разам з усім целам дзіцяці.

(Натальля Гушча: ) “Яна расьце, а тварык не расьце, яго карэжыць. Кожны год трэба нешта рабіць, рабіць, рабіць. У пяцігадовым узросьце ёй зрабілі вельмі прыгожы носік, а праз тры гады ён праваліўся, яна з яго вырасла. І вось кожны год, дактары лічаць, што да 22 гадоў, пакуль ня скончыцца рост, ёй трэба нешта рабіць”.

Бацькі паўсюль шукалі дапамогі. Ратаваць дзяўчынку ўзяліся дактары з амэрыканскага гораду Портлэнд . Калі Сашы было 5 гадоў, яна з маці ўпершыню паехала туды, каб зрабіць першыя сем апэрацыяў. Дзіцячы шпіталь узяў на сябе аплату мэдычных паслугаў. Але дарогу і побыт трэба было аплочваць самім.

Пяць гадоў сям'я з апошніх сілаў спраўлялася з гэтымі праблемамі. Урэшце дайшло да таго што на чарговую апэрацыю не было за што ехаць. Але, ня ехаць было немагчыма, бо гэтым бы перакрэсьлівалася ўсё зробленае раней.

Калі ў Згуртаваньні беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, дзе я тады працавала, даведаліся пра гэтую гісторыю, адразу падумалі пра сп. Ірэну Каляду. Мы ўжо ведалі, што яна стварыла фонд дапамогі беларускім дзецям. Сп. Ірэна адразу ж пагадзілася дапамагчы, але папрасіла, каб бацькі пазванілі ёй, патрэбна была канкрэтная інфармацыя.

(Натальля Гушча: ) “Калі нам далі яе тэлефон першы раз, мы нават ня сталі званіць ёй у Амэрыку, бо мы папросту ня верылі, што некаму будуць патрэбныя нашыя праблемы. Заставалася да выезду менш месяцу і мы ня сталі тэлефанаваць, мы з мужам склалі рукі і падумалі, што гэта будуць толькі лішнія траты, званкі ў Амэрыку шмат каштавалі. Але гэтая жанчына затэлефанавала нам сама. Сп. Ірэна сказала, што яна ўжо некалькі дзён чакае на наш званок, што ёй паведамілі пра нас і, маўляў, чаму мы ня звонім... Праз два тыдні мы атрымалі білеты ў Амэрыку. Я паехала тады са 100 далярамі ў руках і ўсё на яе плечы. Гэта была фантастыка, разумееце”.

Ужо пяць гадоў Ірэна Каляда дапамагае сям’і Гушчаў у іх мужным змаганьні за вяртаньне Сашы да нармальнага жыцьця. Цяпер маці з дачкою ізноў знаходзяцца ў Амэрыцы. Мы зьвязаліся зь імі па тэлефоне, нам адказала сп. Натальля.

(Натальля Гушча: ) “У гэтым годзе мы прыехалі ў Портлэнд і ўжо праз тыдзень, 20 жніўня, у нас была першая апэрацыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Натальля, якая ўжо па ліку гэтая апэрацыя?”

(Натальля Гушча: ) “Была 36-я, будзе 37-я. Дактары думаюць, што да яе сталеньня, да 22 гадоў, трэба будзе зрабіць 45-46 апэрацый”.

(Карэспандэнтка: ) “Саша была побач з маці і адказала на нашае пытаньне, як яна сябе пачувае пасьля апэрацыі?”

(Аляксандра Гушча: ) "Зараз ужо лепш. Апошняя апэрацыя прайшла вельмі добра, вельмі хутка папраўляюся. Самаадчуваньне добрае, дзякуй”.

(Карэспандэнтка: ) “Нашу размову працягнула ізноў сп. Натальля.”

(Натальля Гушча: ) “Гэта ўжо дзевятая паездка ў Амэрыку і пятая паездка, калі сп. Ірына, як добры анёл трымае нас на сваіх далонях. Мы б ужо не прыязджалі сюды. Вось у гэтым годзе мы пражывем 5 месяцаў у гатэлі – гэта тры тысячы даляраў, яшчэ тры з паловай тысячы каштавалі нашыя квіткі на самалёт, нават грошы на ежу яна прысылае, падарункі для Сашы. Сашын лёс стаў і яе лёсам, Сашын лёс у ейных руках”.

(Карэспандэнтка: ) “Са сп. Ірэнаю Саша і яе маці за ўсе гэтыя гады бачыліся толькі адзін раз, бо Портлэнд і Кліўлэнд падзяляюць вялікія адлегласьці.”

(Натальля Гушча: ) “Мы адзін раз за ўсе гэтыя гады бачыліся са сп. Ірэнаю. Жанчына , канечне, цудоўная. Яна моцная духам, яна вельмі прыгожая, у яе сьвеціцца твар. Мы з Сашаю два дні былі зь ёю і да сёньня гэта стаіць ў вачох. Мы прыяжджаем у Амэрыку і размаўляем зь ёй па тэлефоне. Гэта дае нам вялікую падтрымку”.

(Карэспандэнтка: ) “Саша таксама ўзяла ўдзел у размове, каб выказаць сваю падзяку.”

(Аляксандра Гушча: ) “Мы вельмі мала яе бачылі, але яна нам так шчодра дапамагае, што яна быццам бы анёл для нас, які заўсёды там, які дапаможа, падтрымае. Мы ёй вельмі ўдзячныя, усім сэрцам. Яна цудоўны чалавек”.

Кожная з гэтых трох жанчынаў годна нясе свой крыж. Вынік іхнай мужнай барацьбы з жорсткім лёсам уражвае. Калі мы запыталі маці Аляксандры, як складаецца жыцьцё дзяўчыны па-за бальнічным ложкам, яна сказала, што дачка трымаецца мужна і стараецца не адставаць ад іншых.

(Натальля Гушча: ) “У гэтым годзе мы скончылі дзявятую клясу. У нас у школе было пяць дзявятых клясаў, 172 вучні і толькі ў яе і яшчэ адной дзяўчынкі быў чырвоны дыплём. Мы прыехалі сюды і прывезьлі 17 кніжак. Яна студэнтка, паступіла без усялякіх ільготаў. Гэта вельмі прэстыжны каледж у нас у Беларусі – Лінгвістычны каледж. Каб не адстаць ад іншых, яна гэтыя 5 месяцаў вучыцца тут, не зьвяртаючы ўвагі на боль, на гэтыя праблемы. Яна кожны дзень абкладаецца кніжкамі, сядзіць, вучыцца. Яна піша вершы, яна малюе. Тут у гэтым гатэлі ўжо тры гады вісяць яе малюнкі, кожны год яна дорыць свой малюнак. У гэтым годзе яна намалявала і падаравала сп. Ірэне свой малюнак, дзе намаляваная Маці Божая зь немаўляткам на руках. Яе малюнкі ёсьць у Ватыкане, некалькі нават”.

(Карэспандэнтка: ) “25 кастрычніка Сашы споўніцца 17 гадоў, яна так распавяла пра свае пляны на будучыню.”

(Аляксандра Гушча: ) “Для мяне Лінгвістычны каледж – гэта толькі пераходная ступень, для паляпшэньня майго веданьня замежных моваў. А далей я хачу пайсьці ва ўнівэрсытэт, каб стаць псыхолягам. Я хачу працаваць ня толькі для таго, каб забясьпечыць сябе і сваю сям'ю, але каб быць карыснай іншым людзям. Мне ў жыцьці шмат падтрымкі аказалі іншыя людзі, якіх я амаль ня ведала і, я разумею, што я таксама нешта магу рабіць для людзей. І я хачу гэта рабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як прымаюць гасьцей з далёкай Беларусі ў амэрыканскім шпіталі?”

(Натальля Гушча: ) “Гэта цудоўны шпіталь для дзяцей. Жывучы ў Беларусі мы нават не разумелі, што такое наагул бывае. Вельмі прыгожыя людзі, прыгожыя душой. Мы прыяжджаем, і яны нам радыя. Яны ведаюць Сашу, яна расла ў іх на вачах з пяцігадовага ўзросту. Яны бягуць усе, нават з другіх аддзяленьняў да нас. Мы прыяжджаесм сюды такія няшчасныя нават пасьля тых праблемаў, якія трэба вырашыць у Беларусі, каб выехаць. Колькі разоў з нашага беларускага міністэрства аховы здароўя мне прапаноўвалі. каб я адмовілася ад дзіцяці. Казалі: “Падпішыце дакумэнт і здайце яго, бо гэта такая праблема, што вы зь ёй не дасьцё рады сваёй сям'ёй". І вось усё гэта пераадолеўшы, прыехаць сюды і нам радыя. Яны ня вераць, што можна адмовіцца ад дзіцяці. Тут лечаць такіх дзяцей. Мы вельмі ўдзячныя дактарам, мэдычным сёстрам, пэрсаналу”.

Пад канец нашай размовы Натальля Гушча адзначыла, што сп. Ірэна Каляда дапамагае ня толькі яе дачцы , але шмат якім іншым беларускім дзецям.

За наступным прыкладам мы зьвярнуліся да яшчэ адной беларускай сям’і, якую таксама напаткала бяда і якой аказала дапамогу сп. Ірэна.

На пачатку новай хвалі беларускага адраджэнья ў Беларусі было добра вядомае імя аднаго з лідараў нацыянальнага маладзёвага руху Сяржука Вітушкі. Цяпер ён жыве з жонкаю і дачкою ў Вільні.

Праблемы гэтай сям’і пачаліся з таго, што цяжка захварэў сам Сяржук і ягонае змаганьне з хваробай працягваецца і да сёньня. Потым таксама вельмі цяжка захварэла іхная маленькая дачка Паўлінка.
Паслухаем маці Паўлінкі спадарыню Людвіку.

(Людвіка Вітушка: ) “Так сталася, што нашая дачка 5 гадоў таму цяжка захварэла і ў анкалягічным шпіталі мы правялі амаль год. Безумоўна, што ўсе нашыя блізкія, сваякі, сябры нам дапамагалі. Асабліва было прыемна, што чужыя людзі пераймаліся нашай бядой. Сп. Ірэна Каляда два разы запрашала нас на аздараўленчы летнік у Славеніі. Пасьля гэтага шпіталю, пасьля балючых працэдураў гэты адпачынак на Адрыятыцы быў проста нам неабходны, каб вярнуцца да нармальнага стану, каб ізноў успрымаць сьвет з радасьцю, каб забыцца на боль і крыўды.

Мы шчыра дзякуем сп. Ірэне. Хацелася б зрабіць нешта добрае і для яе. Сп. Ірэна, мы запрашаем Вас у нашу старажытную сталіцу Вільню”.

(Карэспандэнтка: ) “А вось што сказала маленькая Паўлінка пра свой адпачынак у Славеніі і пра цётку Ірэну, якая аплочвала гэтую паездку.”

(Паўлінка Вітушчанка: ) “Вельмі спадабалася. Там вельмі прыгожа, з дзецьмі пасябравала, маю адрасы некаторых. Вельмі радая, што такія людзі ёсьць, каб іх было болей, то, пэўна ж, у сьвеце было б лягчэй жыць”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер паслухаем саму сп. Ірэну Каляду з Кліўлэнда. Сп. Ірэна, як сталася, што Вы пачалі дапамагаць дзецям?”

(Каляда: ) “Ведаеце, я была ў Беларусі ў 1992 годзе, пасьля гэтага Чарнобыля. Я там патрапіла ў шпіталь. Там шмат людзей было і дзяцей, якія пасьля Чарнобыля, яны ўсе былі хворыя. Мяне гэта ўзрышыла, я пачала цікавіцца гэтымі справамі. Потым я трапіла ў адзін сірацінец і там паглядзела на хворых дзяцей. Я прыехала дахаты і падумала, што патрэбна нешта зрабіць, нечым дапамагчы. Так і пачалося. Цяпер гэта маё жыцьцё”.

Пасьля Ірэна стварыла дабрачынны фонд, дзе працуе разам са сваім мужам Юркам і некалькімі сябрамі. Апошнім часам у Фондзе сталі працаваць яшчэ дзьве сям’і з новай хвалі беларускай эміграцыі. Сама сп. Ірэна належыць да паваеннай хвалі эміграцыі, выехала зь Беларусі яшчэ дзяўчынкай. Яе муж таксама зь Беларусі, нарадзіўся ў Кобрыне.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Ірэна, як называецца ваш Фонд?”

(Каляда: ) "Інтэрнацыянальны голас Амэрыкі"

(Карэспандэнтка: ) “Як арганізуецца дзейнасьць Фонда, хто дапамагае Вам у Беларусі?”

(Каляда: ) “Працую толькі са Згуртаваньнем беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" і Нінай Віхар з Мозыра, якая там набірае дзяцей зь Пінску і з іншых раёнаў, якія вельмі забруджаныя. Таксама мне яшчэ дапамагае Натальля Вярбоўская з Менску”.

Зь беларускага боку арганізуюцца групы дзяцей, якія патрабуюць аздараўленьня, потым яны выяжджаюць на адпачынак у замежжа. Усе выдаткі аплочвае Фонд сп. Ірэны. Раней дзяцей накіроўвалі ў Славенію, а з гэтага году была скарыстаная новая база адпачынку каля гораду Ўроцлава ў Польшчы. Прычына ў тым, што для паездкі ў Славенію дзецям зь Беларусі патрэбна было аформіць аж 4 візы. Частка дзяцей адпачывае ў Чэхіі.

Адзін зь беларускіх партнэраў Ірэны Каляды – Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” надало гэтай працы больш глыбокую значнасьць, чым толькі аздараўленьне. Расказвае Старшыня Рады Згуртаванья Алена Макоўская.

(Макоўская: ) “Пачынаючы з 1999 году пры дапамозе сп. Ірэны мы накіравалі на аздараўленчы адпачынак у Турэччыну, Баўгарыю, Чэхію больш за 300, а можа нават і 400 дзяцей. Ад пачатку – гэта былі дзеці з Чарнобыльскай зоны, дзеці з аслабленым здароўем, дзеці беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі, бацькі якіх не маглі дазволіць сабе такі адпачынак, каб дзіця магло выехаць за мяжу.

Ад 2001 году Згуртаваньне "Бацькаўшчына" пачало ладзіць літаратурна-мастацкія конкурсы на патрыятычную тэматыку. Пераможцы гэтых конкурсаў таксама ўдзельнічалі ў гэтых вандроўках і змаглі пабываць у Баўгарыі і Чэхіі.

Варта адзначыць, што большасьць гэтых дзяцей – вясковыя дзеці, з маленькіх мястэчак і вёсак Беларусі. Большасьць зь іх ніколі не была за мяжой, і для іх гэтая паездка – сапраўдны падарунак. Яны сваімі творамі, сваёю працаю заслужылі тое, што з прычынаў эканамічнага становішча ня могуць даць ім бацькі.

Яшчэ адным добрым падарункам дзецям, якія перамаглі ў гэтых літаратурна-мастацкіх конкурсах, была кніга – зборнік іх твораў, іх сачыненьняў, вершаў, малюнкаў. Усяго такіх зборнікаў выйшла ўжо тры. Апошні выдалі сёлета пад назваю "Беларусь і гістарычныя вандроўкі". Мы былі вельмі зьдзіўленыя тым, што мы атрымалі так шмат працаў, 200 працаў прыйшло з розных куткоў Беларусі, цікава, што з Менску было толькі сем.

Такая магчымасьць, якую дае сп. Ірэна, каб пераможцы конкурсу маглі выехаць за мяжу, паглядзець, як там жывуць людзі, адпачыць, паправіць здароўе, гэта вельмі важна. Дзеці вяртаюцца і гавораць. што яны па іншаму ўспрымаюць ужо і сваю краіну, яны ў замежжы выступаюць, як прадстаўнікі сваёй краіны. Быць надрукаваным у такім юным узросьце – гэта сапраўдны падарунак, гэта, як бы , пэўнае грамадзкае прызнаньне”.

Сп. Макоўская паведаміла, што Ірэна Каляда фінансуе ня толькі адпачынак дзяцей, але і дапамагае забясьпечыць выдаткі на іншыя патрэбы “Бацькаўшчыны”.

(Макоўская: ) “Сп. Ірэна дапамагла ў 2001 годзе выдаць кнігу "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы" падрыхтаванай Грамадзкім камітэтам "Беларусь – 2000 ". Таксама яна дапамагала выданьню ў 2002 годзе ў перакладзе на беларускую мову кнігі твораў Хведара Дастаеўскага. З дапамогай фундацыі сп. Ірэны выйшаў адукацыйны альбом "Verbum", гэта музычны альбом гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса".

Сп. Ірэна была адным з фундатараў Трэйцяга зьезду беларусаў сьвету. Калі ў "Бацькаўшчыне" здарылася сумная даволі падзея – ў нас скралі кампутар, сп. Ірэна была першай, хто дапамог набыць новую тэхніку. Мы вельмі радыя гэтаму супрацоўніцтву і ганарымся ім”.

(Карэспандэнтка: ) “У нашай перадачы мы проста ня маем магчымасьці і эфірнага часу, каб распавесьці пра іншыя добрыя справы, якія робіць дзеля сваёй Радзімы беларуская жанчына з Амэрыкі Ірэна Каляда. Мы чулі тут словы ўдзячнасьці ёй і, пэўна, да іх могуць далучыцца яшчэ шмат людзей. А як з боку ўладных структураў Беларусі, ці нехта выказаў сп. Ірэне шанаваньне за яе самаахвярную працу?”

(Каляда: ) “Не, нават аднаго добрага слова не сказалі, абсалютна ніхто не зьвярнуўся і не сказаў: "Ірэна, ты добрую справу робіш".”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG