24 верасьня ў Беларусі традыцыйна згадвалі Тадору або Хвядору. “На Тадору, – казалі нашыя продкі, – усякае лета сканчаецца”.
24 верасьня ў 1880 годзе ў Менску ствараецца Музычна-літаратурнае таварыства, якое складалася зь літаратурнай, харавой, аркестравай і драматычнай сэкцыяў. Важным у гэтай падзеі было тое, што ініцыявалі зьяўленьне новага культурнага асяродку ня ўлады, а самі гараджане.
Сёньня спаўняецца 10 гадоў з дня падпісаньня беларуска-расейскага пагадненьня пра вывад зь Беларусі расейскіх войскаў.
Таксама сёньня спаўняецца год з дня выхаду новага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў”. Заснавалі незалежны “Дзеяслоў” супрацоўнікі дзяржаўных літаратурных выданьняў, якія мусілі пакінуць сваю працу пасьля гвалтоўнага аб’яднаньня часопісаў у так званы “голдынг” і фактычнага ўвядзеньня цэнзуры.
Цяпер – пра знакамітых людзей, што нарадзіліся 24 верасьня.
У 1641 годзе на Наваградчыне прыйшоў на сьвет беларускі пісьменьнік Станіслаў Незабітоўскі. Быў ён кальвіністам, служыў у Радзівілаў і жыў у Слуцку. Лісты і ўспаміны Незабітоўскага – важная крыніца зь гісторыі грамадзкага і прыватнага жыцьця Беларусі 17 ст.
Такім самым днём у 1821 годзе нарадзіўся польскі паэт Цыпрыян Каміль Норвід – трагічная постаць у гісторыі літаратуры. Большую частку свайго жыцьця ён пражыў у выгнаньні і памёр у прытулку для жабракоў у Парыжы. У выгнаньні пражыў Норвід і сваё творчае жыцьцё. Ён пісаў, а яго не друкавалі, бо не разумелі, а многія лічылі вар'ятам. Сучасьнік Адама Міцкевіча, ён пісаў такія вершы, ацаніць якія публіка змагла толькі праз шмат часу пасьля ягонае сьмерці. У сямідзясятыя гады 20-га стагодзьдзя на ягоныя вершы стаў сьпяваць песьні Чэслаў Немэн, а ў васьмідзясятыя Норвід дасягнуў неверагоднай папулярнасьці ў Польшчы. Яго нават называлі песьняром Салідарнасьці. Перакладалі Норвіда і на беларускую мову. Цэлую кнігу ягонай паэзіі па-беларуску выдаў віленскі паэт Алег Мінкін.
24 верасьня 1904 году ў вёсцы Цяцеркі на Браслаўшчыне нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч. Пасьля Першай сусьветнай вайны ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля -– ва ўнівэрсытэце. У 1938 годзе атрымаў статус магістра філязофіі. Быў актыўным дзеячом беларускага нацыянальнага руху, першым рэдактарам віленскага часопіса „Шлях Моладзі”. Пасьля вайны быў арыштаваны і разам зь сям'ёй на 10 гадоў сасланы ў Сібір. Вярнуўшыся адтуль, жыў у Польшчы, дзе і памёр 20 гадоў таму.