Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНІ — ТАТАЛЬНАЯ РУСІФІКАЦЫЯ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ ВЫПУСКАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Таварыства беларускай мовы плянуе зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд са скаргай і да міжнародных інфармацыйных тэлеканалаў з просьбай зрабіць беларускамоўную вэрсію праграмаў.

(БТ: ) “Здравствуйте, свежие новости от корреспондентов АТН в этот час…”

Такі пачатак выпуску навінаў Беларускага тэлебачаньня ўжо нікога не зьдзіўляе. Спачатку на расейскую мову перавялі навіны спорту, потым — дзённыя інфармацыйныя выпускі. Ужо некалькі гадоў нядзельныя аналітычныя праграмы на БТ выходзяць толькі па-расейску, пачынаючы зь перадачы “Праспэкт” Паўла Шарамета ды “Рэзанансу” Аляксандра Зімоўскага.

Новая нядзельная праграма “Ў цэнтры ўвагі” ў дзень адкрыцьця новага тэлевізійнага сэзону выйшла таксама на расейскай мове. Але ўвечары ў панядзелак упершыню вядучы звычайнай “Панарамы” не гаварыў па-беларуску. Гэта значыць, што беларуская мова цалкам зьнікла з эфіру дзяржаўнага тэлебачаньня. Пасьля СТВ і АНТ тэлеканал БТ, ён жа Першы нацыянальны, стаўся трэцім і апошнім, які паведамляе беларускія навіны толькі па-расейску.

Я патэлефанаваў у Агенцтва тэлевізійных навінаў Першага нацыянальнага тэлеканалу, каб даведацца, чаму цалкам русіфікавалі “Панараму”. Намесьніца дырэктара АТН Ала Рыжкевіч заявіла:

(Рыжкевіч: ) “У нас дзьве мовы. Выходзяць сюжэты і на расейскай, і на беларускай мове. Вядучыя будуць працаваць на мове праграмы. Так, учора “Панарама” ішла, і падводкі вядучага былі на расейскай мове”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта будзе пастаянна?”

(Рыжкевіч: ) “Пабачым. У залежнасьці ад рэйтынгу й цікавасьці гледачоў. Хто ўспрымае на беларускай, хто на расейскай мове, таму мы вырашылі — і расейская, і беларуская мова. Мы не адмаўляемся ад той ці іншай мовы, мы працуем на дзьвюх мовах”.

(Карэспандэнт: ) “Калі можна будзе пачуць “Панараму” па-беларуску наступны раз?”

(Рыжкевіч: ) “Патэлефануйце — мы падкажам. У залежнасьці ад інфармацыі”.

Паводле супрацоўніка прэсавай службы Белтэлерадыёкампаніі Паўла Сьвярдлова, тэлегледачы ўжо зьвярталіся да іх з прэтэнзіямі наконт русіфікацыі эфіру.

(Сьвярдлоў: ) “Мы ўжо адказвалі на гэтае пытаньне аднаго з нашых гледачоў. Яна не заўсёды будзе выходзіць на расейскай мове. Няма ніякай пэрыядычнасьці — проста ёсьць вядучыя, якія могуць размаўляць па-беларуску добра, пісьменна, прыгожа, а ёсьць тыя, якія яшчэ гэтага ня могуць рабіць. Таму быў зьменены фармат — цалкам беларускамоўнай “Панарамы” АТН на часткова беларускамоўную. Проста трэба сачыць за праграмай”.

Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў распавёў, што ягоная арганізацыя ўжо накіроўвала запыт старшыню Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову з нагоды русіфікацыі вяшчаньня.

(Кручкоў: ) “Рыбакоў нам адказаў, што апытаньне правяла лябараторыя “Новак”, і паводле вынікаў гэтага апытаньня, беларуская мова прыдатная толькі для вельмі вузкай катэгорыі праграмаў. Вось літаральна яны адказваюць: “Паводле зьвестак апытаньня, расейская мова больш падыходзіць для папулярных тэлепраграмаў, навінаў, кінапаказаў, забаўляльных перадачаў і іншых.

Вяшчаньне на беларускай мове, паводле меркаваньня ўдзельнікаў апытаньня, пажаданае для спэцыялізаваных праграмаў і для вузкай аўдыторыі — напрыклад, дзіцячыя перадачы”. Пры гэтым ён адзначае вялікую, на ягоную думку, колькасьць перадачаў, якія яшчэ неяк трымаюцца на Беларускім тэлебачаньні й робяцца па-беларуску. Нават зьявілася новая праграма, якую мы раней ніколі не сустракалі, — “Прагноз надвор’я”. Цяпер гэта вось калясальная праграма, на дзьве хвіліны. Яны лічаць гэта проста дасягненьнем”.

Спадар Кручкоў мяркуе, што русіфікацыя дзяржаўнага тэлебачаньня ёсьць парушэньнем Канстытуцыі й правоў чалавека. На думку аднаго з кіраўнікоў ТБМ, “Першы нацыянальны канал вырашыў зрабіць беларускую мову альбо прадметам зьдзеку, альбо абавязковым дадаткам да расейскай мовы, каб у галовах гледачоў утваралася моўная каша”. Сяргей Кручкоў адзначыў, што такой практыкі няма нідзе больш у сьвеце — выпускі навінаў фактычна ідуць на трасянцы, і пра роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў казаць нельга.

(Кручкоў: ) “Роўнасьць сёньня выглядае так, што яшчэ да ўвядзеньня гэтых трасякавых навінавых перадачаў па БТ, беларуская мова, паводле нашых падлікаў, гучала ў агульнай эфірнай сетцы ў Беларусі 3% часу. Напэўна, прысьпеў час рабіць пэўныя захады дзеля таго, каб зрабіць сваё тэлебачаньне на беларускай мове, непадуладнае дзяржаўным структурам — каб беларусы маглі глядзець яго на сваёй роднай мове. Будзем усё ж зьвяртацца да міжнародных шматмоўных каналаў кшталту “Eurosport”, “Euronews”, “Discovery Channel” з тлумачэньнем сытуацыі ў Беларусі й прапановай зрабіць дадатковую гукавую дарожку на беларускай мове падчас вяшчаньня гэтых каналаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG