Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЧОРНА-БЕЛЫ” ВЫСТУП ПРЭЗЫДЭНТА ЗША Ў ААН: ТЭРАРЫЗМ ПАВІНЕН БЫЦЬ ЗЬНІШЧАНЫ


Аляксандар Лукашук, Прага

Гэта быў “чорна-белы” выступ – прэзыдэнт Буш прадставіў сваё бачаньне сьвету і задачаў ААН у прамой, без агаворак, прамове.

Буш пачаў прамову жорсткім напамінкам – 24 месяцы таму цэнтар Нью Ёрку пасьля тэрарыстычнага ўдару ператварыўся у могілкі – так пачалася вайна. Новыя ўдары былі ў іншых краінах. Нядаўна ахвярамі сталіся супрацоўнікі ААН, нагадаў Буш.

Хто нападае на гуманітарных супрацоўнікаў – нападае на ўсё чалавецтва. Гэткія тэрарыстычныя напады ня маюць нічога супольнага ні з рэлігіяй, ні з ідэямі – і яны не павінны мець саюзьнікаў у зале ААН.

Буш зьвярнуўся да прэзыдэнта Афганістану Карзаі, якога пабачыў у залі, і нагадаў пра посьпех у вайне супраць талібану. Тэрарызм павінен быць зьнішчаны. Няма нэўтральнай паласы ў гэтай вайне. Ірак , заявіў Буш, павінен стаць гісторыяй поспеху – прыкладам таго, як свабодыя людзі ў свабодным грамадзтве дамагаюцца дабрабыту і лепшага жыцьця. Ірак павінен стаць узорам для усяго Блізкага Усходу.

Гаворачы пра права палестынцаў на ўласную дзяржаву, прэзыдэнт Буш заявіў, што гэта немагчыма бяз зьмены лідараў – толькі новыя палестынскія кіраўнікі змогуць дамагчыся міру і дзяржаўнасьці.

Яшчэ два моманты прамовы Буша – моцны заклік да нераспаўсюду зброі масавага зьнішчэнья і да барацьбы з новым рабствам – сэксуальным гандлем жанчынамі і дзецьмі. І зноў амэрыканскі прэзыдэнт заявіў пра адсутнасьць выбару для дзяржаваў – альбо яны на баку дабра, альбо зла. І Амэрыка адпаведна будзе заахвочваць ці, наадварот, ужываць санкцыі.

Прэзыдэнт не засяроджваў увагі на рознагалосьсях у ААН, на спрэчках у Радзе бясьпекі, не прапаноўваў ніякіх саступак ці зьменаў у амэрыканскай палітыцы ў Іраку.

Аналітыкі назвалі гэты выступ клясычнай прамовай Буша і прадказваюць, што кампрамісы, верагодна, будуць абмяркоўвацца пад час сустрэчаў прэзыдантаў сам на сам. Наколькі амэрыканскі лідар лічыць нейкія саступкі патрэбнымі – пакуль пытаньне адкрытае. Прынамсі, тон выступу быў спакойны, але жорсткі і упэўнены.

Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак у сваім выступе пацьвердзіў ранейшую пазыцыю Францыі – асуджэньне ўжываньня сілы бяз санкцыі ААН. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан таксама ставіў пад сумнеў прэвэнтыўнае ужываньне сілы як прымальную палітыку, але заявіў, што прыхільнікі калектыўных дзеяньняў мусяць на справе давесьці, што здольныя дамагацца рэальных вынікаў змаганьні з тэрарызмам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG